Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/164

Старонка праверана

культурных умоў жыцьця краіны. Складнасьць сучаснага хірургічнага лячэньня вымагае вялікіх тэхнічных прыстасаваньняў, добрай агульнай абстаноўкі і спрацаванага паміж сабою кваліфікаванага пэрсоналу. Пра сучаснага хірурга, які жадае мець добрыя пасьляопэрацыйныя вынікі, можа літэральна сказаць «адзін у полі не ваяка». Добра абсталяванае хірургічнае аддзяленьне, якое максымальна забесьпячае хворага ад інфэкцыі і ўлічвае поўнасьцю яго жыцьцёвыя шансы, — вымагае вялікіх сродкаў. Пытаньне зноў упіраецца ў моманты чыста соцыяльнага парадку. У гэтым-жа разрэзе разьвязваецца і пытаньне хірургічнай спрактыкаванасьці — кваліфікацыя хірурга ўзрастае таксама на глебе матэрыяльнай культуры і ў залежнасьці ад ступені яе. Такім чынам, і пасьляопэрацыйная сьмяротнасьць — ёсьць у канчатковым выніку функцыя соцыяльных адносін і клясавай барацьбы ў даным адрэзку часу.

І нават констытуцыя — найважнейшы з біолёгічных фактараў сьмяротнасьці — знаходзіцца ў канчатковым выніку пад такім вялізарным уплывам зьнешняга асяродзьдзя, што і тут соцыяльны фактар выступае таксама на першы плян. Умовы харчаваньня, работы, уплывы на вегэтатыўную нэрвовую сыстэму могуць з аднаго боку «спасаваць» самую лепшую констытуцыю і, наадварот, рацыянальна накіраваныя — гэтыя-ж самыя зьнешнія ўмовы могуць згладзіць няспрыяльныя эндогенныя фактары аж да поўнай компэнсацыі іх.

Вось якой зьяўляецца магутная роля соцыяльнага моманту у пытаньні сьмяротнасьці наогул і хірургічнай сьмяротнасьці ў паасобку.

Вялікае значэньне гэтага соцыяльнага фактару яшчэ ў тым, што паколькі ён зьяўляецца вынікам вытворчых адносін, а апошнія — зьмяняюцца, пастолькі ён, у значна большай ступені, чым фактар біолёгічны, падлягае нашаму ўзьдзеяньню. Адсюль у якасьці бясспрэчнага лёгічнага вываду вынікае, што доктар, які імкнецца да найбольшай эфэктыўнасьці ў сваёй рабоце, не павінен замыкацца выключна ў вузкіх межах сваёй спэцыяльнасьці. Таксама гэта датычыцца і хірурга: між тым, трэба прызнаць, што іменна хірургія, як вельмі спэцыялізаваная галіна мэдыцыны, стаяла ад жыцьця даволі часта далей, чым усякая іншая з мэдычных дысцыплін.