І. ЛУШЧЫЦКІ
Дактарант Акадэміі Навук БССР
Кастусь Каліноўскі —найбольш яркі прадстаўнік перадавой грамадскай думкі ў Беларусі другой паловы XIX стагоддзя... Ён вядомы як кіраўнік паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве, змагар за волю і зямлю народа супроць самадзяржаўя і памешчыкаў.
Яго светапогляд фармаваўся ў складанай соцыяльна-гістарычнай абстаноўцы.
Гэта быў перыяд вострага крызіса прыгоннага ладу і рэволюцыйнай сітуацыі ў Расіі і Беларусі, перыяд узнікнення і развіцця ў нетрах феадалізма новых буржуазных вытворчых адносін, перыяд абвостранай класавай барацьбы і росту сялянскага вызваленчага руху.
Сялянскі рух у Расіі і Беларусі, асабліва напярэдадні рэформы 1861 года, аказаў вялікі ўплыў на фармаванне ідэалогіі Каліноўскага і яго сяброў па барацьбе. У сілу гэтага ўплыву светапогляд Каліноўскага насіў ярка выяўлены антыпрыгонніцкі характар.
Складанасць соцыяльна-гістарычных умоў жыцця Беларусі характарызавалася радам абставін.
Беларусь была адсталай ускраінай царскай Расіі, краінай памешчыцкага землеўладання з досыць моцнай дыферэнцыяцыяй у вёсцы. Пры гэтым характэрна, што буйнымі магнатамі былі асобы з ліку пераважна польскага, а затым беларускага і рускага дваранства.
У Беларусі і пасля рэформы 1861 года захаваліся рэшткі прыгонніцтва, якія затрымлівалі капіталістычнае развіццё.
У памешчыкаў засталося ў асобных губернях Беларусі да двух трэцей усёй зямлі. Беларускі народ ніколі ў сваёй гісторыі да Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі не меў сваёй дзяржаўнасці. Тут соцыяльны прыгнёт дапаўняўся нацыянальным прыгнётам. Нават пасля ўз'еднання Беларусі з Расіяй, якое выратавала беларускі народ ад гвалтоўнай паланізацыі, польскія памешчыкі і ксяндзы пры падтрымцы беларускіх памешчыкаў і некаторай часткі апалячанай беларускай інтэлігенцыі, усякімі мерамі імкнуліся навязаць беларускаму народу сваю мову, сваю культуру, сваю веру, гэта значыць, паланізаваць беларусаў.
Гэтыя складаныя соцыяльныя і нацыянальныя адносіны ў Беларусі налажылі свой адбітак на светапогляд і дзейнасць Каліноўскага.
Пасля рэформы 1861 года ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы працягвалася барацьба двух класавых напрамкаў грамадскай думкі-ліберальнага і рэволюцыйна-дэмакратычнага.
Асноўным зместам дзейнасці рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў была рэволюцыйная барацьба з прыгонніцтвам і яго рэшткамі. Іменна у той час усе пытанні грамадскага жыцця зводзіліся да гэтай барацьбы.
Руская рэволюцыйна-дэмакратычная ідэалогія аказала вялікі прагрэсіўны ўплыў на развіццё перадавой грамадскай думкі ў Беларусі. Пецербург і Масква былі рэволюцыйнымі і культурнымі цэнтрамі, адкуль распаўсюджвалася рэвалюцыйна-дэмакратычная ідэалогія, навука і культура па ўсёй Расіі, у тым ліку і Беларусі.
Асобныя грамадскія дзеячы, пісьменнікі і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі заканчвалі сярэднія, а многія і вышэйшыя навучальныя ўстановы Пецербурга і Масквы. Многія з іх знаходзіліся пад ідэйным уплывам рускіх рэвалюцыйных дэма-