Старонка:Соцыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага (Лушчыцкі).pdf/2

Гэта старонка не была вычытаная

кратаў. Рэволюцыйна-дэмакратычныя дзеячы Беларусі, як правіла, прымалі непасрэдны удзел у рускіх рэволюцыйных гуртках і арганізацыях.

На фармаванне светапогляду Каліноўскага аказала вялікі ўплыў руская перадавая грамадская думка-рускі рэволюцыйны дэмакратызм.

Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў беларускай сям'і 21 студзеня (ст. ст.) 1838 года.

Жыццё і дзейнасць, тым больш светапогляд, Каліноўскага мала вывучаны. Па гэтаму пытанню ў літаратуры ёсць нямала выдумак.

Да гэтага часу не было дакладна ўстаноўлена, дзе ён нарадзіўся, соцыяльнае становішча яго бацькоў і рад іншых пытанняў біяграфічнага характару.

Нядаўна знойдзеныя намі новыя архіўныя матэрыялы даюць магчымасць станоўча адказаць на гэтыя пытанні.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах Валкавыскага павету, Гродненскай губерні, а не ў фальварку Якушоўка, як пішуць многія аўтары. У пасведчанні, якое выдана Сямёну Каліноўскаму (бацьку Кастуся) 1 снежня 1840 г., тэкст якога прыводзім ніжэй, сказана, што яго месцапражываннем тады, як і некалькі гадоў таму назад, былі Мастаўляны. Згодна дакументаў ад 23 красавіка 1848 г. сям'я Каліноўскага і далей пражывала ў Мастаўлянах.

У літаратуры да гэтага часу сцвярджалася, што бацька Каліноўскага быццам бы быў шляхцічам без памесця, адзін час быў дробным чыноўнікам, а затым прыказчыкам у невялікай ткацкай майстэрні. Усё гэта суцэльная выдумка. Сапраўды бацька Каліноўскага, дасканала авалодаўшы ткацкім майстэрствам, у канцы трыццатых гадоў ХІХ стагоддзя пабудаваў у Мастаўлянах невялікую ўласную фабрыку ільняных вырабаў. Гэта яскрава бачна з прыведзенага ніжэй пасведчання- атэстата:

«Я, Ігнаці Бондо, уласнік фабрыкі ільняных, баваўняных і шоўкавых вырабаў у горадзе Остраленка у Царстве Польскім... выдаю гэтае пасведчанне Яго высокаблагароддзю Сямёну Каліноўскаму ў тым, што ён, Высокаблагародны Каліноўскі, выкарыстаўшы мяне пры ўстанаўленні абсталявання машын для камчатных вырабаў, а калі-ж у яго месцапражыванні ў Мастаўлянах машыны былі ўстаноўлены, названы Каліноўскі, вывучаючы паўтара гады вытворчасць пад маім кіраўніцтвам, потым сам адзін на працягу двух гадоў, дзякуючы асаблівай сваёй стараннасці і намаганню, дасягнуў у ёй такой дасканаласці, што калі я паўторна прыехаў у Мастаўляны, то найшоў ільняныя і баваўняныя вырабы такімі выдатнымі, што ў сучасны момант яны ні ў чым не уступаюць па сваёй якасці замежным. Таму я лічу сваім абавязкам прызнаць высокаблагароднага Каліноўскага поўнасцю асвоіўшым вытворчасць названых вышэй вырабаў, а таксама і пражы. Сапраўднасць гэтага пасведчання завяраю пры сведках прыкладаннем пячаткі і ўласнаручным подпісам.

Остраленка, дня

19 лістапада

1 снежня

1840 года.

Ігнаці Бондо».

Затым Каліноўскі Сямён Сцяпанавіч сумесна з другою жонкаю, мачыхаю Кастуся, купляе невялікі фальварак Якушоўку ў Валкавыскім павеце. Напэўна, гэты фальварак быў куплены ў 40-х-пачатку 50-х гадоў ХІХ ст., бо ўжо ў 1851 г. бацька Каліноўскага просіць дазволу ўлады аб пераводзе фабрыкі з Мастаўлян у Якушоўку.

Дарэчы сказаць, сям'я Каліноўскага была зацверджана герольдзіяй у дваранскім званні пастановай № 9454, ад 13 снежня 1855 года.

Няма ніякіх даных аб тым, што Сямён Каліноўскі служыў на дзяржаўнай службе ў якасці дробнага чыноўніка.

Адказ на гэтае пытанне даў бацька Каліноўскага пры допыце яго ў Гродненскай следчай камісіі па палітычных справах 24 красавіка 1864 г.

Ён гаварыў: «Бацькі мае былі: Сцяпан і Церэзія Каліноўскія, у споведзі штогодна бываю, выхавання хатняга, у дзяржаўнай службе не быў, а займаўся вырабам сурвэтак і настольнікаў, пад судом і следствам не бый, жанаты быў два разы: ад першай жонкі, по прозвішчу Рыбінскай, меў 12 дзяцей, а ад другой, па прозвішчу Лазарэвіч, меў 5 дзяцей. З нерухомай маёмасці маю куплены папалам з жонкаю фальварак Якушоўка, пры якім лічыцца зямлі 220 дзесяцін».[1]

Такім чынам, бацькі Каліноўскага належалі да дробнапамеснага дваранства, якое яшчэ да рэформы 1861 года стала на капіталістычны шлях развіцця сельскай гаспадаркі, спалучаючы яе з прамысловымі прадпрыемствамі.

Мы падрабязна спыніліся на соцыяльным паходжанні Кастуся Каліноўскага не таму, што гэтаму пытанню надаем рашаючае значэнне ў фармаванні яго светапогляду, а для таго, каб аднавіць у літаратуры праўдзівы бок біяграфіі вядомага беларускага рэволюцыянера-дэмакрата.

  1. Дарэчы сказаць, бацька Каліноўскага быў арыштаваны распараджэннем Валкавыскага павятовага іспраўніка і прадстаўлены ваеннаму начальніку Валкавыскага павета 9 красавіка 1864 г., а затым-у Гродненскую следчую камісію па палітычных справах.
    Пасля вызвалення з-пад арышту ў снежні 1864 г. быў узяты пад строгі нагляд паліцыі, пад якім і памёр у 1871 годзе ва ўзросце 77 год.