Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

1. Структура народнае гаспадаркі XVI—XVIII сталецьцяў

Перад намі вялізная краіна, якая перавышае памерамі сваімі Вялікабрытанію альбо Норвэгію. Цалкам раўнінная, пакрытая вялікім лікам рэк і азёр, аграмаднымі, імшарыстымі прасторамі і векавым нечапаным лесам. Гэта ёсьць наша Беларусь і злучаныя з ёю Літва і Жамойць. Глеба мала ўрадлівая і шмат у якіх мясцох пяшчыстая.

Яшчэ ў канцы XIX сталецьця ў межах верхняе Дзьвіны было 51% лясное плошчы, у мясцовасьці Пінска-Бярэзінскага Палесься— 11%, і нават у Менскай губэрні, дзе лясы ў той час былі вельмі пасечаны, яны ўсё-ткі займалі 25% усяго абшару. Нават у гэтыя позьнія часы, калі насельніцтва ўзрасло да 9½ мільёнаў, усё-ж яшчэ ў Падзьвіньні ральля складала 14,7%, у межах Пінска-Бярэзінскага Палесься — 19,7% і толькі ў межах Меншчыны—41,6%. Нявыгадных зямель быў вялікі %, які для паасобных паветаў даходзіў часам да 30% і зьніжаўся да 7%.

Усе гэтыя ўмовы рабілі краіну мала праходнай. Шмат чалавечае працы патрабавалася-б на пракладку шляхоў, і да канца XVIII сталецьця гэтая балоціста-пяшчыстая краіна ня мела абы-якіх выгодных сухаземных шляхоў. Толькі рэкі і рэчкі былі шляхамі, якія злучалі часьціны Беларусі паміж сабою і са знадворным сьветам. Але на апошнім шляху стаялі перашкоды, якія выпадкова разьвіліся з прычыны гістарычных умоў. Вялікі вадазбор Дзьвіны, які цягнуў да сябе вадазбор верхняга Дняпра, меў выхад да мора праз вузкую паласу, у якой жылі латышы і якая політычна належала да немцаў. Вясёлыя воды Нёмну з яго зялёнымі берагамі ўваходзілі ў межы Прускага Ордэну, г. зн. ізноў-жа ў варожы лягер. З глыбіні Палесься, з прытокаў Прыпяці і верхняга Пабуж'я адчыняўся шлях у шырокую Віслу, і толькі вусьце гэтае ракі да канца Рэчы Паспалітае было ў межах аб'яднанае дзяржавы. Але гэты водны шлях кратаў вельмі невялічкую частку Беларусі. У кожным разе, простых беспасрэдных зносін з морам у Беларусі ня было.

У водах гэтае краіны быў вялікі лік рыб, аб чым кажуць крыніцы. Відавочна, яе многа ўжывалі, як харчовы продукт, бо рэкі і азёры былі пакрыты езамі, месцы ловаў строга разьмежаваны і абараняліся законам і звычаем. Ловы рыбы, г. зн. запас харчовых продуктаў, быў справаю грамадзкай, і цэлы шэраг звычайна-праўных устаноў адзначаюць час і спосабы ловаў цэлым сялом альбо нават цэлай воласьцю. Але рыбныя продукты не маглі быць прадметам вывазу. Гэта