Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

дымаў. Іхнія ўладаньні разам раўняліся прыблізна ўладаньням найбагацейшага яшчэ ў тыя часы зямляўласьніка, самога гаспадара вялікага князя. Гэта ёсьць тая ўласна купка магнатаў з 26 чалавек, якая фактычна кіравала дзяржавай. Яна давала каля чацьвёртае альбо пятае часткі ўсяго войска вялікага княства. Гэта была сіла экономічна-фізычная.

Такі стан рэчаў не зьмяніўся аж да канца Рэчы Паспалітае. Нават імёны буйных магнатаў мала зьмяніліся. У XVI сталецьці, у часы хцівага расхопліваньня гаспадарскіх добр, высунулася некалькі новых імён (Валовіч, Нарушэвіч) з ліку фінансавых дзеячоў. Некалькі старых фамілій распылілася. Але малюнак застаўся ранейшы. Мы ня маем даных за пазьнейшыя часы, але мы добра ведаем, што ў эпоху Лівонскае вайны гаспадарскі скарб зьбяднеў, шмат маёнткаў з яго выпала, часткова бязумоўна, часткова ўмоўна. Яны апынуліся ў заставе альбо ў спадчынным уладаньні прадстаўнікоў усё таго-ж магнацтва. Нават у эпоху канца Рэчы Паспалітае мы бачым даўгі сьпіс гаспадарскіх „дзяржаў", якія знаходзіліся ў заставе і ўсё яшчэ ня былі выкуплены з моманту іхняе заставы ў 60-х гадох XVI сталецьця.

Гэткім чынам, дыфэрэнцыяцыя шляхты была характэрнай рысай на працягу ўсяго пэрыоду, які мы вывучаем. Можна прывесьці для прыкладу сьпіс дымаў шляхты Аршанскага павету, які (сьпіс) належыць да 1717 году. Тут было мала буйных уласьнікаў. Але затое малюнак дробна шляхоцкага зямляўладаньня выяўляецца ў поўнай меры. Запраўды, у гэтым павеце да 8 буйных уладаньняў належала нямнога болей за ½ усіх дымаў, лічачы на гэты раз усе віды ўладаньня, г. зн. у тым ліку гаспадарскія сталовыя добры і царкоўныя землі. Гэта былі ўладаньні ад 100 да 2.400 дымаў. Да гаспадарскіх добр у гэтым павеце належала прыблізна чацьвёртая частка дымаў і нямнога меней за ¼ дымаў належала да сярэдніх і дробных уласьнікаў. Пры гэтым бадай што 90% дробных уласьнікаў, якія мелі ўсяго ад 1 да 10 дымаў, уладалі толькі 8,4% ўсіх дымаў. Але і ў гэтай групе дробнаўласьніцкае шляхты панавала група ўласьнікаў 1-га дыму. Лікам сваім яна складала болей за палову ўсіх дробных уласьнікаў, а належала ёй усяго 28% дымаў дробнае групы, г. зн. каля аднэй трэці, і 2,4% ўсіх сялянскіх дымаў у павеце. Значыцца, самая шматлікавая група шляхецтва была і самай беднай. Зразумела, трэба таксама памятаць, што па-за ёю стаіць група шляхоцтва, якая яшчэ ня выяўлена нашымі крыніцамі і якая ня мела аніводнага сялянскага дыму.