Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

зьнішчэньне старых гаспадарчых адзінак, служб і дворышч. Лядавая і пераложная гаспадарка зьмянялася трохпольлем і дакладным азначэньнем зямельных дзялянак, якія адводзіліся кожнаму дыму. Старая гаспадарчая адзінка раскладалася, і дым паступова пераходзіў з складанае сябравае сям'і ў простую. Як гаспадарская, так і прыватнаўласьніцкая гаспадарка, вымерыўшы свае землі валокамі, маглі падлічыць свае зямельныя ўладаньні дакладнымі адзінкамі мер. У пачатку другое паловы XVI сталецьця вялізарныя абшары, прыгодныя для гаспадаркі, яшчэ ня былі залюдненымі. Заставаліся ня толькі вялікія пушчы, абмежаваныя, хоць і ня вымераныя, але нават сярод сёл, якія ўжо былі адведзены пад валокі, было шмат „няпрынятых" валок, г. зн. незалюднёных, якія чакалі новага пакаленьня зямляўласьнікаў.

Так, сярод вялікіх гаспадарскіх добр у Віленскім павеце ня было залюднёна 20% зямель, разьбітых на валокі, а ў Троцкім павеце—43%. Значыцца, апошні павет быў залюднены нямнога больш як напалову. У географічных адносінах гэта значыць, што ў такім становішчы знаходзілася ўся Падляхія. У Віленскі павет уваходзіла ўся цэнтральная частка Беларусі. Праўда, у вабодва паветы ўваходзіла і частка Літоўскіх зямель. Колькі было зямлі нават у гаспадарскіх маёнтках Падзьвіньня, Падняпроўя і Мазыршчыны, цяжка сказаць, бо гэтыя мясцовасьці не вымяраліся. Яшчэ ў XVI сталецьці тут сустракаюцца цэлыя оазы, якія жывуць падаўнейшаму. Зямля лічыцца па службах, на кожнай службе сядзіць сабраная сям'я з 4-6 чалавек. Служба складаецца падаўнейшаму з некалькіх дымаў, але часам сялянская сям'я, з дольнікамі і „пасебрамі", даходзіць да 7-10 чалавек мужчынскага насельніцтва, сыноў і чужынцаў, і жыве ў аднэй хаце. Часам службы распадаюцца, і тады сям'я сядзіць на ¼ на ⅓ службы і г. д.

Усё паказанае кажа нам аб тым, што сялянская гаспадарка ў XVI сталецьці не магла адчуваць недахвату зямлі, і памер ральлі абмяжоўваўся рабочаю сілай сям‘і, колькасьцю жывёлы і падаткаў. Вядома таксама, што паны хціва лавілі кожнага селяніна, які хацеў узяць валочную дзялянку, і давалі яму ільготу. Выпрацаваўся нават асобны тып „асаднага“, г. зн. такога прыганятага, які склікаў і асаджваў селяніна альбо на „сыром корнн", альбо на раней ужо распрацаваных дзялянках ральлі. Да нас дашлі цэлыя апісаньні старастваў ад 60-х гадоў XVI сталецьця, і шэраг інвэнтароў прыватных маёнткаў. Дзялянка з аднэй валокі цяглае ральлі была надзелам, звычайным для сялянскае гаспадаркі. Але апроч цяглае дзялянкі сяляне бралі яшчэ дадатковыя землі, так званыя „засьценкі", „лішкі", карысталіся сенажацямі і