Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

ўваходам у лес. У Берасьцейскім старастве, напрыклад, на адну гаспадарку прыходзілася цяглае зямлі 1,1 валокі, а ўсяе зямлі, г. зн. з рознага роду прырэзкамі, 1,3 валокі. Тыя-ж суадносіны мы наглядаем і ў іншых стараствах.

Бабруйская воласьць была пераведзена на валокі ў другой палове XVI сталецьця. Як агульнае правіла, кожны сялянскі надзел складаўся зваднай, валокі. Але, апроч таго, сяляне ў шырокай меры мелі магчымасьць браць дадатковыя землі ў відзе засьценкаў, сенажацяй і арэнды азёр. Гэткім чынам, недахвату ў зямлі не адчувалася. Мала таго, было шмат пустых валок, — у паасобных сёлах аж да 50%. З другога боку, сустракаецца шэраг сёл, дзе садзяцца на адну валоку 2 і нават З гаспадары, не заўсёды родзічы. Так, усіх валок было вымерана 335, спаміж іх пустых 169.

Трэба, аднак, заўважыць, што ў гаспадарскіх маёнтках было болей зямлі, між у прыватных, дзе магчымы былі ўсялякія выпадковасьці. Але і ў прыватных гаспадарках пераважвалі валочныя дзялянкі на кожную гаспадарку, часткова поўвалочныя, а меншыя былі ўжо рэдка. Нарэшце, у гаспадарках абодвых тыпаў можна знайсьці нямалы % сялян, якія мелі болей за валоку.

Істотнай забясьпекай сялянскае гаспадаркі зьяўляецца жывёла.

Нашыя даныя тут ня зусім поўныя, але ўсё-ж Падляхія, Піншчына і цэнтральны Менскі раён выяўлены добра. Падрахункі, зробленыя на выбарках, далі наступныя памеры забясьпекі сялянскага двара рабочаю жывёлай. Двароў без рабочае жывёлы зарэгістравана 6%- Значыцца, уся астатняя маса сялянства, у большым ці меншым ліку, уладае рабочаю жывёлай. Бясконных (пры валох) 13,3% і пры конях, але без валоў 10%. Значыць, каля 70% двароў маюць і валоў і коняй. Паміж іх шматконных (ад З да 10 коняй, але ад 4 коняй ідуць ужо выпадковыя адзінкі) каля 10%. Тых, якія маюць болей за 5 валоў, нямнога, усяго 4,5%. Пераважваюць двары з 2 коньмі (26%) і 2 валамі (36%) альбо з дзьвюма парамі валоў (21%). Маюць аднаго каня 44% двароў і аднаго вала—усяго 17% двароў. Каля паловы двароў маюць злучэньне 2 валоў і 1 каня. Значыцца, пераважвае ўзорваньне валамі, а конь зьяўляецца толькі падмогай у гаспадарцы.

Значна болей цяжка высьветліць пытаньне аб забясьпецы двара малочнай і дробнай жывёлай, бо даных ня многа. Напэўна, трэба прыпушчаць бязумоўную перавагу дзьвюхкароўных двароў. У вывучаных намі матар'ялах зусім няма бескароўных двароў. Запас маладняку прыходзіцца ў сярэднім па 2-3 штукі на двор.