Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

былі звычайныя пароды рачное рыбы, на якія ня было запатрабаваньня з-за мора.

Лясы, пры ўмовах вельмі экстэнсыўнае гаспадаркі, г. зн. пры ўмовах надзвычайнае раскіданасьці насельніцтва, давалі хутры пушных зьвяроў, воск і мёд. Гэта ўжо тавары, на якія былі вялікія запатрабаваньні. Але каштоўны пушны зьвер адышоў адсюль, відавочна, яшчэ ў старадаўні пэрыод. У XVI сталецьці засталася куніца, якая ўрэшце хутка зьнікала, як прамысловы зьвер, бо ўжо ў пачатку XVI сталецьця даніна ёю замяняецца грашыма. Засталася лісіца, аднак, ня першарадная, ваўкі, лані, лосі і асабліва бабры. У Падзьвіньні, у Піншчыне і шмат у якіх іншых мясцох лавілі баброў, бабровыя гоны былі вельмі важнымі заняткамі жыхарства. Таксама вельмі важным прадметам промыслу было пчалярства. Яшчэ ў першай палове XVI сталецьця цэлыя мясцовасьці Падзьвіньня і Прыпрыпяцьця цалкам займаліся бортніцтвам і баброўніцтвам, а сельская гаспадарка, здабываньне хлеба, была толькі падможным заняткам. Але ўсё гэтае, калі пчалярства мае форму бортніцтва, ёсьць, зразумела, способы вельмі экстэнсыўнае гаспадаркі. Для бортнага пчалярства патрэбны быў глыбокі лес і адбор векавых дрэў, якія былі-б на вялікай адлегласьці адно ад аднаго. Каб атрымаць два „камені" воску (76 фунтаў), трэба было заняць ад 70 да 100 гэткіх дрэў.

Але ўжо ў палове XVI сталецьця насельніцтва, якое павялічвалася, павінна было пераходзіць да інтэнсыўнейшага тыпу гаспадаркі,—да сельскае гаспадаркі. Промыслы застаюцца толькі там, дзе для іх зьнішчэньня яшчэ ня прышла чарга. Прамысловая лясная гаспадарка ёсьць часовая форма гаспадаркі, якая абумоўліваецца рэдкасьцю насельніцтва.

У краіне, прыродныя ўмовы якой мы толькі што апісалі, хлебаробства і жывёлаводзтва зьяўляюцца натуральнай формай ужываньня чалавечае працы, і ўзрастаньне інтэнсыфікацыі знаходзіцца ў залежнасьці ад узрастаньня насельніцтва. Аграмадны абшар, заняты Беларусьсю, быў абшарам рэдка залюдненым. Зразумела, падрахунак насельніцтва для гістарычных эпох ёсьць справа надзвычайна цяжкая і часта безнадзейная, калі не зварочвацца да фантазыі. Дзеля гэтага аб малой залюдненасьці трэба рабіць вывады ў залежнасьці ад нагляданьняў над тымі ці іншымі зьявішчамі жыцьця. У кожным разе, калі верыць лічбам вядомага расійскага статыстыка Германа, чалавека вельмі асьцярожнага, да лічбаў якога ўжо можна аднесьціся з некатораю верай, дык на рубяжы XVIII—XIX сталецьцяў насельніцтва Беларусі і Літвы налічвала каля 3.800.000—3.900.000. Гэта ёсьць лічба насельніцтва былога „Паўночна-Заходняга краю". Гэта дало-б на