Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

суадносіны ўсё-ж дадуць досыць дакладнае ўяўленьне аб экономічнай структуры сялянскае гаспадаркі.

Перш за ўсё нас цікавіць самая моц сялянскага двара. У сярэднім, на 1 двор прыходзіцца 4 чалавекі абодвух радоў, што вынікае з падрахунку болей як 14.000 двароў. Гэткім чынам, сялянскі двор наогул ня ёсьць складаная сям'я, і ў масе складаецца з простай сям'і. Аднак, у паасобных выпадках мы можам прыкмеціць групы мацнейшых сялянскіх двароў. Напрыклад, у Віцебшчыне некаторыя сёлы даюць у сярэднім 7 чалавек на 1 сям'ю, у Піншчыне таксама каля 7. Малалікавасьць сялянскага двара паказвае, што паны імкнуліся да ўтварэньня паасобных цяглых двароў,— пэўна, для лёгкасьці дагляду за сялянамі і іх эксплёатацыі.

Пры гэткіх умовах сялянскі двор у большасьці складаецца з мужа, жонкі і 2-3 дзяцей. Як выключэньне, сустракаюцца складаныя сем‘і. Яны складаюцца з сям'і дамаўляем ніка і яго родзічаў, зрэдка сустракаем як членаў сям'і сяброў, альбо „пасебраў", „здольнікаў", што ўсё роўна. Нарэшце, яшчэ радзей, ужо як выключэньне, у дварох сустракаюцца парабкі, службовыя дзеўкі. Гэткім чынам, нанятая праца ў сялянскай сям'і зьяўляецца вельмі рэдкім выключэньнем, і таксама досыць рэдкае зьявішча ёсьць здольніцкая альбо сяброўская організацыя двара.

Што датычыць суадносін мужчын і жанчын у двары, дык як агульнае правіла трэба заўважыць, што мужчынскі элемэнт па ліку пераважвае, і часам значна, жаночы элемэнт. Так, напрыклад, у Берасьцейскім старастве на 30.308 мужчын прыходзіцца 27.463 жанчыны. У Вядцах, Віцебскага ваяводзтва, на 330 мужчын прыходзіцца 302 жанчыны. І гэтак усюды, дзе ёсьць паасобныя паказаньні адносна мужчынскага і жаночага насельніцтва.

Суадносіны рабочага і нерабочага ўзросту, па тых нязначных матар'ялах, што захаваліся, выяўляюцца так, што насельніцтва ў дзіцячым веку займае палову ўсяго насельніцтва. Гэта, пэўна, павінна сьведчыць аб значнай дзіцячай сьмяротнасьці.

Ступень забясьпечанасьці сялянскае гаспадаркі перш за ўсё грунтуецца на зямлі, на велічыні зямельнае дзялянкі. У гэтых адносінах мы бачым значныя зьмены ў параўнаньні да папярэдняй эпохі. Асноўнаю сялянскаю дзялянкай зьяўляецца цяглая альбо асадная зямля. Гэта ёсьць тая дзялянка, з якой селянін адбывае паншчыну і нясе іншыя звычайныя падаткі і павіннасьці. Нарэшце, гэта такая дзялянка, на якую панская ўлада, відавочна, не замахваецца. Але дзеля таго, што наогул у большасьці маёнткаў ёсьць вялікі запас вольнае незанятае зямлі, дык сяляне на ўмовах чыншу бяруць