Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

Тут перш за ўсё мы бачым, што болей як ¼ насельніцтва зусім ня мае коняй, тады як толькі 10-я частка двароў ня мае валоў. Далей, там, дзе коні рашуча пераважваюць, палова двароў мае па 2 кані і нават нямнога менш за ¼ двароў маюць па 4-6 коняй. Пры невялічкім ліку бясконных, трэба лічыць, што ў Віцебскім раёне пераважвалі сярэднезаможныя сяляне. Пад апошнімі мы разумеем тых, што маюць па 2-3 кані, прычым двохконныя ў гэтым ліку пераважваюць. Але гэты раён меў каля ¼ многаконных двароў, г. зн. двароў з 4-6 каньмі. Ува ўсіх іншых раёнах пераважваюць аднаконныя двары. Сярод двароў, якія аруць валамі, рашуча пераважвае запрэжка ў 2 валы. Лік тых, што маюць па З валы, зусім нязначны. Па 2 запражкі мае ўжо нязначны лік двароў, усяго 6,5%, прычым у Віленскім раёне ён зьніжаецца ўдвойчы, а ў Віцебскім ён удвойчы падымаецца. Аб ліку двароў, якія маюць болей за 5 валоў, таксама як і аб дварох з 7 і болей коньмі гаварыць нельга дзеля нязначнасьці лічбаў. Двары, якія мелі па 1 вале, карысталіся імі як рабочаю жывёлаю для ральлі і перавозак.

Трэба яшчэ мець на ўвазе, што незаможныя сяляне атрымлівалі ад двара скарбовых валоў, але колькасьць скарбовых коняй у сялян зусім нязначная, а колькасьць валоў азначаецца нямногімі дзесяткамі. Часьцей сустракаюцца сяляне, якія маюць аднаго свайго вала і атрымалі яшчэ аднаго ад двара. Але ёсьць некалькі такіх, што мелі толькі па адным скарбовым вале.

Што датычыць элемэнту, які ня меў зусім рабочае жывёлы, дык такі элемэнт наогул нязначны. Часам у актах ён фігуруе проста ў якасьці кутнікаў і бабылём, але лік іхні мізэрны. Толькі ў Віцебскім раёне, дзе побач з 2-ма кутнікамі на 500 двароў мы сустракаем каля б% сялян, што ня маюць, рабочае жывёлы, сустракаюцца паасобныя гнёзды, дзе сяляне сядзяць на „прыходах" альбо нават ня маюць хат (напрыклад, у сяле Галавачах). У Горадзенскім павеце, у Вясёлым двары, на 18 двароў ёсьць 24 двары, якія ня маюць рабочае жывёлы. Адным словам, поўная адсутнасьць рабочае жывёлы і, значыцца, зьявішча чыстага батрацтва наглядаецца спорадычна, напэўна ў залежнасьці ад мясцовых умоў.

Што датычыць малочнае жывёлы, дык перш за ўсё трэба адзначыць, што ў гэтых адносінах нашыя веды значна бядней матар'яламі, чым адносна ліку рабочае жывёлы. Але ўсё-ж такі ад гістарычнае крыніцы трэба ўзяць усё, што магчыма. Лік дойных кароў у сярэднім вельмі нязначны,—усяго па 1,1 на двор (за выключэньнем бабыльскіх двароў). Колькасьць маладняку яшчэ меншая. Суадносіны паміж лікам двароў і лікам маладняку выяўляюць, што на двор прыхо-