Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

адну квадратовую мілю каля 800 чалавек, г. зн. шчыльнасьць насельніцтва была роўная прыблізна са шчыльнасьцю тагачаснае ўва ўсіх адносінах беднае краіны каля 1700 году. Але гэтая шчыльнасьць больш як у 3 разы меншая за шчыльнасьць Бэльгіі на рубяжы XVII—XVIII сталецьцяў. Беларусь была значна бяднейшая за Англію канца XVII сталецьця. Калі рост насельніцтва ў XVII і XVIII сталецьцях быў такім-жа павольным, параўнальна з іншымі часткамі былой Расіі, як і ў XIX сталецьці, асабліва ў першай яго палове (і Герман, і іншыя сьведчаць аб былым росьце беларускага насельніцтва), дык, відавочна, каля 1700 году насельніцтва Беларусі і Літвы бадай не пераходзіла 1,6 мільёнаў. У XVII— XVIII сталецьцях, у гады ўзрастаньня прыгону, рэлігійнае барацьбы, цяжкіх войн і экономічнага зьбядненьня, на павялічаны рост нельга і разьлічваць. Некалькі іншы малюнак трэба прыпушчаць для XVI сталецьця, і, мабыць, у канцы XVI сталецьця насельніцтва ўсяе дзяржавы было ня меней за 1 мільён. Попісы войск пачатку і сярэдзіны XVI сталецьця даюць агульны малюнак досыць сталага ўзрастаньня насельніцтва.

Якія-б ні былі здагадныя гэтыя лічбы, усё-ж такі яны пацьвярджаюць нагляданьні іншых крыніц, якія кажуць аб аграмадных абшарах лесу, вод і аб слабой залюдненасьці краіны.

2. Агульны ход гаспадарчага жыцьця Беларусі.

Пэрыод утварэньня Літоўска-Беларускае дзяржавы быў балючым процэсам у гісторыі Беларусі, які ня мог дапамагчы разьвіцьцю гаспадаркі, а наадварот, даваў некаторае зьніжэньне. Старыя гандлёвыя сувязі з поўднем парваліся. На поўначы друзьлела Ганза. З унутранага боку краіна разьдзіралася політычнай і нацыянальнай барацьбой. Усё гэта вяло да заняпаду старое гарадавое Беларусі, да перавагі сельскагаспадарчага промыслу і да панаваньня натуральнае гаспадаркі.

З выплаты далін, адбываньня сялянамі павіннасьцяй, з агульнага колёрыту складу панскага двара ня цяжка зрабіць вывад аб поўным панаваньні спажыўных мэт кожнае гаспадаркі. Сувязь з рынкам нязначная, і ажыўленьне пачынаецца толькі каля, паловы XVI сталецьця. Да гэтага часу гаспадарка ў агульнай масе мае безабменны характар. Грошы былі рэдкія і дарагія. Дзяржаўная служба аплачвалася наданьнем зямель і іншых прыбыткаў. Скарб вялікага князя Казімера, выдаткавыя запісы якога захаваліся за некалькі дзесяцілецьцяў, складаўся з футра, жыта, сена, шуб, з сукнаў, вымеценых на футра. Гатоўка ў ім была рэдка. Нават у пачатку XVI сталецьця, калі ваявода віленскі прымаў у сябе Жыгімонта І,