Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

мыла простае, боты, чаравікі, чыжмы, капцы чорныя, войлакі, стрэлы.

Шмат рознастайней быў тавар, які ішоў з Любліна. Гэта занадта даўгі пералік самых разнастайных прадметаў. Тут мы сустракаем жалеза, сталь, медзь, волава, дыну, ртуць і вырабы: сякеры, косы, нажы розныя, цьвікі латныя, іголкі, катлы, ручніцы; адсюль-жа ішлі на беларускі рынак тэкстыльныя вырабы нямецкае, ангельскае і фляндрскае працы: сукны, каразея, шапкі мятлёвыя і коўдравыя, шапкі паспалітыя, коўдры тахцяныя. Гэта ўжо турэцкія тавары. Да апошніх трэба аднесьці: торбы турэцкія (відавочна, чувалы, капшукі і інш.), хозы, кажухі турэцкія, тканіны аксамітныя, шоўк, перац, разінкі, бархан (фарба), лакрыца, мушкат, цясьма, хусткі, шафран, чамлет, гвазьдзіка, саф'ян, ладан, турэцкая кітайка, гарэхі валоскія, шпонкі.

Далей можна адзначыць яшчэ шэраг тавараў: палатно коленскае (з Кёльну) і цьвіліхскае (з Цьвікаў), мыла барскае (з Бар), купарвас, люстэркі, грабяні, Ножніцы, віно, золата, нават агурковае насеньне, насеньне цыбулі, чапцы мараўскія, капялюшы палатняныя са шнурамі, замшавыя рукавіцы, фарбы, серка, міндаль, нават сьлівы, відавочна, сушаныя, наогул,—усялякага роду „рэчы крамныя“.

Месты Польшчы мелі малое значэньне ў гэтым абмене. Так, шэраг тавараў пасылала Гнезна: шапкі, нямецкія сукны, нямецкія палотны, нажы, рукавіцы, кофты, грабяні, люстэркі, шчоткі, каразею, нават усходнюю бакалею. Тарунь давала селядцоў, сукны, палотны (Глагоўскае і Зялёнагорскае), трусоў, нават мёд прэсны. Сукны і шапкі ўвозіліся таксама з Познані. З Ільжы ішло шмат шкла, шкляныя вырабы і гаршкі. Віно ішло з Падгор'я ў Вэнгрыі і з Львова. Соль ішла з Драгабыча. Нешта ішло з Кракава. Некаторая колькасьць тавару атрымлівалася з Гданску, напрыклад, селядцы, трусы, а туды пасылаліся ў замарожаным відзе сэрны, зайцы і цецярукі.

З другога боку, можна падлічыць і тыя беларускія месты, якія былі ўцягнуты ў гэты, пераважна люблінскі, гандаль.

На першым месцы стаіць Берасьце і яго гандляры. Іх шмат і, відавочна, яны гралі ролю пасрэднікаў.

Вельмі значныя параўнальна партыі тавараў праз Берасьце накіроўвалася ў Вільню. Гэтае места было, як відаць, буйным перадатачным пунктам для жалезных вырабаў. Асабліва многа туды везьлі кос. Сюды-ж прывозілі шмат сукнаў, віна, ня кажучы аб іншых дробных таварах.

Далей, Слуцак займаў вельмі значнае месца ў гэтым гандлі. На слуцкім рынку вялікую ролю гралі косы і сукны.