Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

У падлічаных маёнтках няма „чэлядзі", але дзе-ні-дзе ў іншых мясцох яна сустракаецца ў вельмі невялічкім ліку.

Ва ўсёй гэтай гаспадарцы пераважваюць разрахункі натурай. Паншчына яшчэ мала разьвілася, пануе палоўніцкая арэнда. Панская ральля нязначная, яе адбываюць гароднікі, а, часам, арандатары адбываюць таксама „талокі“. Нават у дробных баяр, якія маюць 1—2 двары, ральлі няма, і іхнія сяляне даюць свайму баярыну 4-ты сноп з узоравага палетку.

Затое рэшткі прамысловае вытворчасьці яшчэ захоўваюцца пры двары. Так, пры дварох мы сустракаем у даволі вялікім ліку псяроў, што паказвае на рэшткі прамысловага паляваньня. Бабровымі тонамі заняты самі зямяне. Яны-ж маюць і дваровыя борці. Відавочна, існавала таксама і дваровая гадоўля жывёлы, бо сялянскія даніны складаюцца толькі з хлеба, мёду, баброў і куніц.

Даўнейшыя акты Падзьвіньня яшчэ болей падкрэсьліваюць натуральны характар павіннасьцям на двор сяляне валочуць возера, забіваюць езы, замест павіннасьцяй даюць мёд, сокала, куніцу, даюць піва, мёд, жыта, даюць баброўшчыну альбо грошы за баброў. Калі Сьвіслацкая воласьць робіць адноску да старадаўніх парадкаў эпохі Вітаўта, дык яна называе выключна натуральныя даніны ў відзе мёду, жыта, аўса, вяпрукоў, куніц, сыру, масла. Грашовая даніна зьбіраецца толькі замест нялюднага, старадаўняга „палюдзьдзя". Такі-ж парадак мы прыкмячаем і ў Магілёўскай воласьці.

Заходнія двары маюць гэткую-ж будову, але тут уласная гаспадарка паноў мае, відавочна ў ранейшы пэрыод, большае значэньне. Вось для прыкладу склад двара Радашковічай (Вілейскага павету). Тут таксама мы сустракаем, мяшчан, якія займаюцца трыманьнем карчом, баяр-шляхту, якія маюць сваіх сялян і гароднікаў, баяр путных. Дваровыя патрэбы абслугоўваюцца парабкамі, г. зн. нявольнымі людзьмі, якія маюць свае землі, але атрымліваюць і месячыну. Але апроч таго, пры двары жыве чэлядзь, якая ня мае ўласнае гаспадаркі. Па вёсках мы сустракаем цяглых сялян, бортнікаў і гароднікаў. Палоўніцкая арэнда, плата куніцаю— тут рэдкае зьявішча.

Такая гаспадарка была слаба зьвязана з рынкам. Яна выпушчала на рынак вельмі невялічкі лік продуктаў, і гэта былі пераважна продукты зьвералоўства і бортніцтва. Так, напрыклад, прыдняпроўскія сяляне прадавалі „куницы, лисицы, бобры“ і наогул „зверь косматый", а таксама мёд прэсны. Побач з гэтым яны прадаюць і жыўнасьць, якая мае, аднак, другараднае значэньне.

Аднак, водпуск на рынак продуктаў сельскае гаспадаркі ўсё-ткі пачынае паступова іграць ролю. Перш за ўсе