Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 1.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

Беларусі. У кожным разе аб згушчэньні насельніцтва каля гэтае эпохі магчыма дагадвацца з таго факту, што распад старых служб і дворышч даў значны наплыў земляробскага насельніцтва ў новыя селішчы. Дзеля гэтага мы прыкмячаем пералом у гаспадарцы краіны, зьмену вытворчых формаў, імкненьне да рынку і да грашовага звароту.

Пад уплывам гэтых умоў зьмяняюцца погляды на кіраўнікоў гаспадаркі, уласьнікаў буйных маёнткаў і, перш за ўсё, гаспадарскага скарбу, які стаяў на чале буйнейшых домэнаў (маёмасьцяй). Так, і вялікія князі, і паасобныя зямляўласьнікі пераводзяць старыя даніны на грошы. Пры рэвізіі Пінскага староства старыя даніны пераведзены на грошы, але па складзе данін былога Пінскага княства можна судзіць аб пераважнай тут паляўнічай і жывёлаводнай гаспадарцы і аб слабым разьвіцьці земляробства. Рэвізія лушч дае шэраг добрых ілюстрацый такога-ж становішча. Яна кажа аб сёлах, якія займаліся выключна паляваньнем і гадоўляй жывёлы, і якія павінны даваць даніну аўсом у тым выпадку, калі будуць займацца земляробствам. Праўда, у гэтай самай рэвізіі прыметны ўжо імкненьні ўзмацніць дваровую гаспадарку, напрыклад, праз тое, каб гароднікаў зрабіць прыгоннымі сялянамі. Гэткія-ж зьявішчы прыкмячаюцца і ў Горадзенскай экономіі, г. зн. перавод павіннасьцяй на грошы і імкненьне завесьці дваровую гаспадарку. Наагул, у заданьне дзейнасьці рэвізораў гаспадарскіх маёмасьцяй уваходзіла імкненьне высьветліць, дзе карысьней завесьці дваровую гаспадарку і паставіць сялян на паншчыну, дзе карысьней браць з сялян даніну натурай альбо грашыма і інш.

Адзін наказ гаспадарскага скарбу ў палове XVI сталецьця старастам і дзяржаўцам адбівае ў сабе рысы новага напрамку ў галіне сельскае гаспадаркі. Ён цікавіцца разьвіцьцём уласна сельскае гаспадаркі. Гэтая ўстава імкнецца ўтрымаць сялянскае насельніцтва на ральлі. Яна імкнецца да таго, каб праца чэлядзі пры дварох была выкарыстана рацыянальна. Яна кляпоціцца аб пабудаваньні шляхоў, млыноў, аб разьвіцьці лясных прац, імкнецца да распрацоўкі жалезных руд. Яна клапоціцца аб тым, каб узмацніць разьвіцьцё рамёстваў на вёсцы, дзеля чаго старосты павінны аддаваць сялянскіх дзяцей рамесьнікам. Яна імкнецца да павялічэньня цяглага сялянства праз зьмяншэньне ліку асочнікаў, рыбаловаў і іншых спэцыялістых. Яна клапоціцца аб дваровай гадоўлі жывёлы, прапануе гадаваць валоў для продажы. Гадоўля сьвіней, відавочна, была пастаўлена шырака. Устава клапоціцца аб тым, каб увесь хлеб быў правільна разьмеркаваны на патрэбы двара, а рэштка яго была адвезена ў Кралявец ці Гданск, альбо, нарэшце, прадана на мясцовых рынках.