Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

чайна багатую Горадзенскую эканомію і паставіў сабе за мэту— падняць Горадню і зрабіць з яе прамысловы асяродак.

Мы ўжо ведаем, што зьяўленьне ў гэтых мясцовасьцях суконных фабрык не магло быць выпадковасьцю, бо гэтая частка Палесься выдзялялася разьвіцьцём аўчарства.

Багатыя сродкі Горадзенскае экономіі шмат палегчылі задачу Тызэнгаўзэна. Трэба заўважыць, што па сваім характары гэты магнат быў крыху фантазёрам, але адначасна вызначаўся вялізарнай энэргіяй і здольнасьцю да вельмі рознастайнае дзейнасьці. Ён меў друкарні ў Вільні і ў Горадні, выдаваў Горадзенскую газэту, выдаваў кнігі, заснаваў некалькі школ і нават ботанічны сад.

У маёнтках, якімі ён кіраваў, ён. імкнуўся падняць прамысловасьць, асабліва лясную справу, і ў розных сваіх маёнтках і стар астах заснаваў шэраг фабрык: у Паставах палатняную фабрыку, гэткую-ж у Шаўлях, у Берасьці— суконную фабрыку. Але гэта былі вельмі бедныя заклады. Толькі навокал Горадні ў 1777 годзе такіх дробных фабрычных закладаў лічылася 15. Усё гэта былі спробы падняць розныя формы прамысловасьці. У 1780 годзе былі ўжо 23 розныя фабрыкі. Найбуйнейшай сярод іх была фабрыка шаўковых вырабаў, якая налічвала 62 варштаты. З ліку апошніх 24 былі спэцыяльна прызначаны для вырабу золататканых паясоў. Фабрыкай загадвалі французы. Суконная фабрыка мела 24 варштаты. Далей, сярод фабрык Тызэнгаўзэна была фабрыка залатых вырабаў, сталовае бялізны, панчошная, анталяжная, экіпажная, картачная. Прадмесьце Горадні— Гарадніца зусім зьмяніла свой выгляд: у ёй зьявіліся вуліцы з добрымі мураванымі і драўлянымі будынкамі. Аколічныя сёлы таксама былі прыцягнуты да працы.

Выдумкі Тызэнгаўзэна былі тыпова панскія. Ён выпісваў чужаземных майстроў для навучаньня падданых сялян.

Была спроба нават утварыць рабочую клясу, дзеля чаго былі ўзяты прымусова з падданых сямей хлопчыкі і дзяўчынкі і аддадзены ў навучаньне рамяству. Тызэнгаўзэн нават у школы гвалтам зганяў подданых сялян і прымушаў іх вучыцца мэдыцыне і хірургіі.

Ангельскі падарожнік Кокс апавядае, што ў прадпрыемствах Тызэнгаўзэна было каля 3.000 рабочых, у тым ліку і тыя, хто па вёсках былі заняты прадзеньнем воўны і льну. Але той-жа Кокс падрабязна спыняецца на становішчы падданых рабочых на фабрыцы. Яму жаліліся дырэктары, што хаця фабрычныя рабочыя атрымліваюць лепшае адзеньне і харчы, чымся іншыя сяляне, аднак, іх немагчыма прыцягнуць да заняткаў промысламі інакш, як толькі гвалтам. Кокс вельмі добра зразумеў, што гэта адбываецца так