Пахаваў я сярод злому
Ў пушчы песьню аб шчасьці—
Так глыбока, скуль нікому
І ніколі ня ўкрасьці.
А каб хто аб гэтай справе
Не сказаў дрэнным сказам,—
Хаўтуры-памінкі справіў
З пушчай, з ночкаю разам.
Быў і вецер на магіле
На абрадку бядачым,
І русалкі не забылі—
Шчырым плакалі плачам.
А цяпер адно паставіць
Толькі памятку важну,
Каб нябошчыцу праславіць,
Каб праславіць, як княжну.
Хай прыходзіць ка мне тая
Чараўніца-дзяўчына,
Праз якую так спраўляў я
Гэты сховы-ўспаміны.
І з грудзей маіх гарачых
Няхай выдзярэ сэрца,
Ды на трох нажох стаячых.
Хай нясе і сьмяецца.
Як паложыць на магіле,
Дзе аб шчасьці сьпіць песьня
Само сэрца ў тэй-жа хвілі
Загарыцца, ускрэсьне.
І гарэці вечна будзе
На тым схове-пасадзе,
І дадуцца дзіву людзі,
Як кахаў я папраўдзе!
|