Старонка:Спадчына (1922).pdf/142

Гэта старонка была вычытаная
— 140 —

Ня мог на мак яму зьмяць косьці,
Пракляцьце толькі прызываў,
Ад сьцен адходзіў з большай злосьцю
І штосьці жуткае кнаваў.

З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як зьмяя—
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцьці ня бачачы пуцьця.

XIII.

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго ня згоніць з сьцежкі простай,
Ня ўкіне ў цьму, за ноч цямней?

Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуцьцём,
І распасьцяжыць уладаньне
Над целам, над усім жыцьцём.

Засела так яна ў Машэкі
І суладаць з ёю ня мог,
Крыві-б пусьціў, здаецца, рэкі
І ў іх-бы з крыўдай сваёй лёг.

Крывёй ці віннай, ці нявіннай
На сьмерць упіўся-бы з душой,
Другіх губіў-бы і сам гінуў,
Абы цярпеў чужы і свой.

У муках страшных дачакаўся
Машэка першых дзён вясны,
І з вёскай роднай папрашчаўся,
Уцёк з радзімай стараны.

У пушчу ўцёк, у ёй асеўся,
Зьмяніўся ўвесь, як ваўкалак,
У скуру воўчую адзеўся
І стаў на жыр выходзіць так.