— Што за плач такі здаецца
Там на лузе, там на рэчцы,
Бы хто сьлёзы ліў паводкай?..
Ці то маці, ці сіротка?
— Гэта маці, маці плача
Над сынамі, ня іначай,
Што яе ў зямлю схавалі,
А сябе ў палон аддалі…
*
— Што за звон бражджыць, скрагоча,
Як-бы сьвет зьніштожыць хоча
І зьвясьці ў канец астатні?
Ці то божы, ці то братні?..
— Гэта путы-сковы звоняць
І дух вольны к нетрам клоняць,
Скрыгацяць свае літаньні,
На пагібель, на скананьне.
*
— Што за голас ходзіць, бродзіць,
Сказы дзіўныя заводзіць,
Ажно йдзе па целе шорах?
Ці то друг наш, ці то вораг?
— Гэта ходзіць кліч па полі
З прыкліканьнем к новай долі;
Пад вакнамі станавіцца
І заве, заве збудзіцца.
*
— Што за віхар закруціўся—
Ў зямлю ўрыўся, ў неба ўзьбіўся,
|