— 89 —
Слугой яму прызначу адзіноту—
Яна сама вярнейша з слуг,—бяз здрад;
Асьветлю хорам сваіх дум яснотай—
Дум шмат я маю, ах, як шмат, як шмат!
Душы дам волю, заручуся з песьняй—
Душа і песьня—сьвет мой, скарбы ўсе мае…
Хай раніца жыцьця майго ускрэсьне,
Хай вечар мне жыцьця ноч дапяе!
|}
Як прыйдзе дзень майго збаўленьня,
З крывавых церняў вызваленьне,—
А веру, прыйдзе гэткі дзень,—
З імглы адвечнасьці паўстане
І крыжам стане на кургане
Майго жыцьця бяссьмертны цень.
Бяз воч, бяз косьці, жыл і сэрца,
Сам крыж, на крыж ён абапрэцца,
І, ўвесь удумаўшыся ў даль,
Сачыць пачне ўвесь ад пачатку
Мой шлях, якім шоў даастатку,
Які мне толькі кінуў жаль.
Сачыці будзе, як арліца
Дабычу сочыць над крыніцай,
Чаму з жыцьцём ня ўмеў я жыць;
І наракаць, клясьці ня будзе,
Што я, што мне зрабілі людзі,
Ня будзе плакаць ёй і выць.
Ня будзе нават уздыхаці,—
Адно мо’ вырвецца пракляцьце,
Якім я жыў ад малку лет,
Адно сам аб сабе цень скажа
Крыжом, адвечнай сваёй стражы:
Каб не радзіўся лепш на сьвет!..
|