Здань за зданьню паўзе, кожна здань—як зьмяя,
Тая прэцца уверх, тая цісьнецца к дну.
Абняліся з сабой у шалёну гульню,
Вочы прыскам зіяюць, з губ коціцца дым…
Гэй, дружкі, што сьпіцё? Дайце жыва агню!..
Скуль іх столькі ўзяло, што ім трэба усім?
Путы звонка бражджаць і ўгары, і ўнізу,
Жутка вісельні граюць, сьлізгоча пятля;
Той абліўся крывёй, той сьцірае сьлязу…
Што за людзі—зьвяр’ё?! Ах, якая сям’я!
Мілы братка ты мой, ці ты жыў, ці памёр?
Што так плечы сагнуў, як нявольнік дрыжыш?
Грудзі ўпалі твае, рукі цягнеш да зор,
Над табой, прад табой, ах, які чорны крыж!
Служка польскага пана, твой брат і мой брат,
З бізуном над табою, як кат той стаіць…
Божа праведны, Божа! над братам, брат—кат!..
І за што-ж катам той, а той гэтак цярпіць?
А што тут? Разам тут і дзяўчынка-краса…
Я галубіў калісь… Твар чаму твой бляды?
Пакрываўлены грудзі, зблытана каса…
І чаго-ж, і зашто ты папала сюды?
Брат, поэт! і ты тут—як быдлё, ў ланцугох…
Дзе свабодны твой дух, што ня рвеш ты кайдан?
Божа! Золата йскрыцца ў кастлявых руках…
Песьняй роднай таргуе, як коньмі цыган.
Адбіваючы тут-жа паклоны плашмя,
Нейкі нехрысьць крапідлам махае, пяе
Ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя,
І за золата гэта імя прадае…
І там здань і тут здань, закружыліся ў круг,
Кругам труцень у бляшках бліскучых спавіў,
Усіх іх у жалезны ржавелы ланцуг,
Сэрцы рве і грызе, шнурам шыі здавіў.