Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

так: «Сідар-касі-сена». Дзяўчаты рагаталі, а Сідар, здалёку, кульгаючы, замахаў ім шапкай.

Спыніўся Сідар, навітаўшыся з усімі разам. Зьняў шапку і трымаючы яе над галавою, усьміхаючыся, абвёў усіх поглядам. А пасьля кіўнуў галавою Панасу і падышоў да яго.

— Здаецца, не памыляюся. Мы, здаецца, разам ляжалі ў лазарэце.

Панас устрапянуўся, пачаў узірацца Сідару ў твар, успамінаючы, а Сідар падказаў:

— Памятуеш, барак такі халодны, тады ўсе пашлі з бараку, а ты застаўся і яшчэ прыпадачны…

Панас успомніў.

— Памятую, памятую добра гэта. Ты здаецца, апошнім тады пашоў.

— Ага, я думаў яшчэ, ці пайсьці, ці застацца…

Хлопцы і дзяўчаты наглядалі за Сідарам і Панасам, слухалі іхнюю гутарку. Іх зацікавіла гэтае нечаканае спатканьне Сідара з новым рабочым, а Сідар, зьвярнуўшыся да прысутных, паказаў рукою на Панаса і вытлумачыў: — разам мы ляжалі ў больніцы. Холад быў тады ў больніцы большы, чым у нас зімою ў кавальскім цаху, а параненых было багата, ды ўсе такія, што папраўляліся. А тут у горадзе тыфус, паніка, народ памірае. Ну, а паміраць, нікому, ведама, ня хочацца дык хлопцы і забузілі дый кінулі барак самі, разьбегліся хто куды. Усе пашлі, да аднаго. Застаўся толькі ён, ды адзін хворы прыпадачны.

— Мяне ў той жа дзень перавялі ў другі лазарэт, — сказаў Панас, — а таго хворага, таксама некуды забралі ў горад. Лазарэта таго я болей і ня бачыў. Але-ж і злосьць мяне тады ўзяла, ня ведаў што рабіць. Мароз, холад на дварэ, а яны не ачуняўшы добра бяз доктарскага дазволу — дадому.

— Чаго-ж толькі ня было ў тыя гады, — азваўся Сідар, — і цяжкога і вясёлага было багата.

— Было-о!..

У клюбнай залі тры разы празваніў званок. Пачынаўся кіносэанс. Сідар разам з Панасам пашоў у залю.