Старонка:Стафанік 1909-1911.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

— Ты гэтакая гарачая, так кашляеш, што ніхай Бог крые! Ані цябе адзець, ані разчэсаць, ані памыць. Божэ, Божэ, як мы цяжка мучымся! Прашу Бога, каб хоць палавінку гэтай мукі на сябе ўзяць, дый не магу дапрасіцца.

Сьлёзы мацерыны капалі на валасы Кацярыны і прападалі бытцам вада ў пяску.

— Што з цябе зрабілося? Была ты пекная красуня гэтакая, работніца на ўсё сяло! Аж нам душа весялілася, думалі мы, што нам лягчэй будзе, аж вось, глядзі, як лёгка! Каб хаця было што есьці лепшаго, бо усе мы ўсыхаем на бульбі, а ты ўсё-ткі гінеш. А трудна хадзіць па хатах прасіць малака, столькі ўжо я нахадзілася, ажно мне ад стыду вочы гараць.

Маці заплетала ей касу.

— Ня ведаю, на што я табе гэтых кветак накупляла? Уваліла я два злоты як у балота. Ужо пэўне я цябе ў гэтые кветкі на сьмерць убяру...

Расплакаліся абедзьве.

— А ну, дайце, пагляджу на іх.

Маці дала Кацярыні кветкі сініе, белые, зялёные, чырвоные.

Кацярынка перэглядала іх, лёгкі сьмех іграў на яе твары, а сініе, белые, зялёные, чырвоные блескі блудзілі па твары.

— Давай тутака, скорэнька, глядзі, татачка ідзець і скажець што ў цябе пустата ў галаве.

* * *

Кацярынку палажылі на воз, каб яе павязьці да доктара. Маці плачучы падкладала ей падушку пад галаву.

— Каб я не дачакаўся вазіць вас па дактарох! Каб вы выдахлі, пахаваў бы вас раз і збыў бы сабе клопату!

Дзержаў ў аднай жмені лейцы ад аднаконкі ды аж чупрыну ірваў сабе са злосьці.

— А ты, нягодніца, помні, што як я грошы дармо на дактароў разсею, то табе сам амінь зраблю! Я цябе без доктара пахаваю, сам буду табе доктарам. Адкуль жа я вазьму для вас на дактароў, на аптэку ды на чорта рагатаго?! Гэтаго ня вытрымае мая крывавая праца, ой не! Калі я наняў падводу дык лепей ужо адвязу цябе на магілкі, вывярну воз дый збудуся ліха. Божэ, Божэ, што гэта на мяне звалілося ў гэтых днях! Но, канëк, кратайся гэтымі запаўшымі бакамі!

Ударыў пугай каня дый выехаў за вароты.

На вуліцы Кацярынка цікава разгледалася. Ад восені многа зьмянілося. Дзядзька Сымон паставіў новы плот, стары Мікола пакрыў на нова пуню. Кацярынка забылася аб бацькавай злосьці і разгледалася на ўсе бакі.

На полі людзі аралі, сеялі. Жаваранкі над імі пеялі. Чорная земля разсыпалася ад сонца.

Кацярынка пачырванела і пачала сабе укладаць: