Старонка:Стафанік 1909-1911.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

— Маю у Бога надзею, што падужаю, што ешчэ вясны не страчу. Зараз такі знайду сабе работу... Божэ, Божэ, падай мне леку якую.

Пэўна была, што вясны не страціць. Бацька сядзеў на перадзе і доўга маўчаў. Нарэшце пачаў гаварыць.

— Глядзі, дзень як золота, а ты едзеш па дактарох!

Звярнуўся да Кацярынкі.

— Скажы мне, дзеўка, што я маю с табой рабіць? Ляжыш і ляжыш, ды ні жыцьця ні сьмерці. Я грошы трачу ды трачу і ўсё ні на што. Як бы я ведаў, дзе для цябе лекоў шукаць, шукаў бы, а гэтак — што я знаю, калі-б табе ўжо туды або сюды! І табе было-б лепей і нам лепей...

Кацярынка плакала.

— Ты, нябога, не плач, німа чаго плакаць, бо гэта праўда! Ты сабе памраш і ня думаеш; ці-ж гэта ня лепей гніць у землі? Такое сягоньня лёгкае жыцьцё, што лепей памерці і не бедаваць цэлы век на чужым полі! Ужо грошай я напазычаўся ды ешча пазычу на хаўтуры, а на старасць жыды выганяць з хаты. Ай, каб я ведаў, што ня будзе для цябе лекоў, зараз вярнуўся-б да хаты. Добра каб хоць трошкі асталося на хаўтуры.

Кацярынка захадзілася ад плачу і кашляла на ўсё поле.

Бацька выцягнуў з запазухі яблык і неяк нясьмела падаў дачцэ. Ніколі ей ешчэ не даваў ніякіх ласункоў.

— Не плач, нябога, я табе ня ўраг. Я толькі кажу, каб дармо грошы ні страціць, каб сябе ні скалечыць, як бы табе ні памагло. Дык ты сама, дзетка, бачыш, што німа адкуль. Я бы для цябе палец адсек і не шкадаваў бы. Я за цябе маю чэсць у людзей як за хлопца, бо ты работніца на ўсё сяло. Дзетка, я на цябе хухаў як на пенку, дый бачу, што памрэш. Гэта відна вачамі, што для цябе німа выхаду. Ай, нябога, нябога, відаць будзем без цябе... Ай, будзем, будзем...

Стары сьціх.

— Памру, памру, ужо бачу, што нема для мяня выхаду — шэптала Кацярына.

Яны ўежджалі ў горад.

* * *

Варочаліся дамоў. Сусед Мікола разам з імі.

— Ён мне такое нагаварыў, што дзе, дзе-е-е! Мужыку да дахтароў ні варта хадзіць. Каб, кажа, многа піла малака ды мяса нейкае лёгкае ела, каб трунак добры папівала, каб хлеба белаго — што толькі на сьвеце ёсьць, то і сказаў. Можа бы тое панам памагло, але у нашым стане то ні паможа! Досіць таго, што як ён пачаў прыгаварываць, дык я і ня слухаў да канца. Ці было-б што з гэтага, як бы я даслухаў? Ніхай памірае, як цяпер ёсьць. Ніхай выпьець гэтай медыцыны, што я узяў ў аптэцы, дый або ніхай выхварэе, або як сама хочэ.

— А вы думаеце — казаў сусед — што дахтары даюць мужыку такога лекарства як пану або жыду? Бадай вы так здаровы былі.