Старонка:Страявы вайсковы статут (1943).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

13. Разгорнуты строй — пададдзелы разьмешчаны на аднэй лініі ў фроньце (у двух, трох шэрагах або калёнах) на прамежках, вызначаных статутам.

14. Кірунковы — стралец або пададдзел, што ідзе першым у вызначаным кірунку; усе іншыя стральцы або пададдзелы ідуць за кірунковым.

Строй кіруецца праз каманды і загады, якія падаюцца і голасам, сыгналамі, умоўнымі знакамі ды асабістым прыкладам. Для кіраваньня строем камандзір знаходзіцца там, адкуль яму зручней камандаваць і дзе яго могуць бачыць і чуць ўсе стральцы. Каманды падзяляюцца на падрыхтоўную і выканаўную. Побач з гэтым ёсьць каманды, якія азначаюць толькі выкананьне: «устаць», «зважай» і г. д. Падрыхтоўная каманда, аддаецца выразна, голасна і працяжна, так каб тыя, што стаяць у строю, зразумелі чаго патрабуе камандзір. Выканаўная каманда аддаецца пасьля кароткай паўзы за падрыхтоўнай голасна, адрывіста і энэргічна.

15. Загад — ёсьць выражэньне волі камандзіра вусна, пісьмова або умоўным знакам. Загад павінен быць заўсёды выкананы дакладна.

16. Каманда — вуснае выражэньне волі камандзіра, Каманда выконваецца зараз-жа пасьля яе адданьня і адначасна, калі яна скіравана да групы стральцоў.


II ЧАСТКА
АДЗІНОЧНАЯ ПАДРЫХТОЎКА.

І. АСНОЎНАЯ ПАСТАВА.

1. Вонкавы выгляд стральца зьяўляецца паказчыкам яго фізычнага і маральнага узгадаваньня.

2. Асноўная пастава бяз стрэльбы, «ЗВАЖАЙ!».

Пры асноўнай паставе стаіцца ціха, пяты злучаныя разам, наскі разсунуты прыблізна на даўжыню стапы так, каб не утваралі простага кута. Цяжар цёла спачывае раўнамерна на абодвых стапах. Калені злучаныя і крыху паданыя ўзад. Тулава выпраставанае, грудзі лёгка выпнутыя, жывот уцягнены, плячукі вольна апушчаныя і на аднолькавай вышыні. Лапаткі сьцягнены, локці падданыя крыху наперад, рукі прыложаны да сьцёгнаў, пальцы злучаныя. Палец сярэдні спачывае на шве нагавіц. Вялікі палец прыцісьнены да далоні уздоўж паказальнага. Галава прыўзнятая, барада прыцягнена крыху да шыі. Позірк скіраваны насупроць. Цягліцы крыху і раўнамерна напятыя. Лішняя натуга цягліц вядзе к вымушанай і ненатуральнай паставе.