Старонка:Сузор’і (1926).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

ТО НЯ ВЕЦЕР ШУГАЕ…

То ня вецер шугае ў аконіцы
Тваёй хаты, дзе зьзяюць агні, —
Гэта думкі мае к табе просяцца;
Ты ўпусьці іх, сагрэй, прыгарні.

То сіроты мае бяспрытульныя,
Якіх няньчыў, цяпер ўзгадаваў.
Ужо хмеліць жыцьцё іх разгульнае —
Аж ня можа стрымаць галава.

І шукаюць яны сабе выраю,
Спадзяюцца, што ўпусьціш іх ты;
Прывітаешся з ласкаю шчыраю
І адзенеш у туль пекнаты.

А ня ўпусьціш — ня трэба. Ў пакорнасьці
Ня прымушу прасіцца іх я;
Яны ў шыры, палёце, узорнасьці
Адшукаюць ня горшы маяк.

1925 г.