Старонка:Сузор’і (1926).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАПЛЫЎ Я ШМАТ…

Праплыў я шмат жыцьцёвай плыні,
Прашоў я шмат шляхоў, дарог…
Ў чужых краёх, ў сваёй краіне
Хадзіў к парогу, за парог.

Мой правадыр — мае надзеі —
За мной ступалі крок за крок.
Сябе я думкай абнадзейваў,
Што я глашатай і прарок.

Прароцтвы, праўда, ня збыліся,
Калі-ж збыліся, дык ня ўсе.
Але ня дарам я маліўся
Сустрэчнай праўдзе і красе.

Хоць шлях пяройдзены забыты
Для новых шляхаў і красы, —
Вітаю дзень я новы — збытасьць
І новых песень галасы.

Прашлі гады, як карагоды;
Ў іх расквітаў, ападваў май,
Але з іх кожная прыгода
З жыцьця ня сходзіла дарма.

1925 г.