Старонка:Сузор’і (1926).pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

Маё сэрца, уздымы пачуцьцяў,
Былі зьмяты, зьняважаны — страх:
Гадавалась, расла у пакуце,
Бо няволя была мне сястра.

А цяпер адчыніліся вочы,
Захацелася знаць чаго шмат;
І за тоўстаю кніжкаю ночы
Я праводжу вось тут не дарма.

І з другімі пасьля падзялюся,
Што сама атрымаць я магла.
Падсабіць я хачу Беларусі,
Чым магу, будаваць новы лад.

А ты, вёска, ня скардзься, што зьнікла,
І мяне зьбегляцом не заві:
Ад цябе я яшчэ не адвыкла
Не хачу я душою крывіць!

Ты мне міла! Сумую па полі,
Сьвярбіць ня раз па сярпу рука.
Не зракуся цябе я ніколі,
А вярнуся! Крыху пачакай!

Я пакінула ўвосень палеткі,
Каб вярнуцца вясною да ix.
Я — сялянка, а разам — студэнтка:
Мяне вабяць асьветы агні!

|}