Старонка:Сузор’і (1926).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЛЕСКІ

Пралескі, мілыя пралескі!
Няўжо вясна, што вы ўзышлі
Між сьнежных гурбаў у пералесках
На чуць ацепленай зямлі?

Я рад спаткаць вас добрым словам,
Я рад вітаць вас ад душы,
Бо вы мне — блізкі госьць вясновы,
Які раскажа мне пра шыр,

Пра вод бурлячых пералівы,
Што пойдуць весела з гары,
Пра лесу шум нецерпялівы,
Пра росквіт новае пары.

Пралескі, мілыя пралескі!
Я рад, я рад бязьмерна вам,
Нядарам ў грудзях сэрцу цесна,
Хмялее шчасьцем галава.

1925 г.