Старонка:Суседзі (1932).pdf/56

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

— Я, собственна, для таго, каб памірыць мэдыка з літаратарам, — адказаў тэатрал. — Бо нашто-ж спрачацца прадстаўніком мастацтва, калі тэатр яднае ўсе віды мастацтва і музыку, і сьпевы, і літаратуру, і мэдыцыну.

Нарада засьмяялася.

— „Мэдыцыну“ кажа, — ня ўстрымаўся літаратар. Таксама яшчэ „мастак“…

— Хто гэта такі? — запытаўся мэдык у седзячага збоку таварыша.

— З Дзяржаўнага тэатру.

— Ну, ведаеце, я на яго месцы ўстрымаўся-б ад выступленьня. Калі нічога разумнага ня можаш сказаць, дык лепш памаўчаць.

— Гэта ў яго натуры. Ён заўсёды такі.

— Так… так… мэдыцыне гэткія выпадкі вядомы, — сказаў суседу мэдык.

— Паважаныя калегі… Я ад імя навуковай установы ўношу рацыю: зрабіць нараду па пытаньні аб дапамозе газэце. Гэта бязумоўна адзіны выхад дапамагчы газэце… Трэба пасэймаваць…

— Дык мы-ж і зараз сядзім на нарадзе, — даў безнадзейную спраўку адзін з прадстаўнікоў на нарадзе.