Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

XІV і XV вякох, і пэўна-ж ніводнае места, апроч Атэнаў, ня можа пахваліцца, што дало гэтулькі слаўных людзей, як тагачасная Флёрэнцыя.

Каля 1300 году тут жыў вялікі поэт Дантэ, які напісаў "Боскую Камэдыю". Гэты паэтычны твор бязьмернае вартасьці паказуе ў узвышаных абразох тагасьветнае жыцьцё ў пекле, чысцы і ў небе так, як сабе выабражалі яго людзі таго часу; гэты твор выяўляе геніяльны дух, культуру і нацыянальныя імкненьні італьянскага народу, а таксама і лепшыя бакі сярэднявечнага каталіцтва. Дзеля таго справядліва называюць Данта "хрысьціянскім Гомэрам".

Як Данта лічаць найвялікшым эпікам, гэтак сама Пэтрарку ўважаюць за аднаго з найвялікшых лірыкаў. Дзякуючы гэтым двум поэтам, флёрэнцкая гутарка, якой яны пісалі свае творы, разьвілася ў нацыянальную літэратурную мову італьянцаў. Пэтрарка заняўся яшчэ больш цэннаю з культурнага боку дзейнасьцю, разам з другімі працуючы над уваскрашэньнем старавечнае грэка-італьскае культуры. Ён у значнай меры прыкладаў сваю руку да пачатку кірунку мысьлі і руху, які творыць асобны пэрыад у гісторыі культуры і называецца адраджэньнем мастацтва і навукі (рэнэсанс).

Можа да таго часу йшчэ ня зусім была загінула у італьянцаў памяць аб вялікай мінуўшчыне роднага краю, аб тых часох, калі Рым выдаваў законы ўсяму сьвéту; ужо самы від пышных старадаўных руінаў даволі голасна і ярка павінен быў напамінаць ім даўнейшыя лепшыя часы. Аднак-жа, калі выключыць некалькі твораў, іменьняў і здарэньняў, аб мінуўшчыне ведалі фактычна вельмі мала.

На пачатку сярэднявечча манастыры часта былі сялібаю Навукі і мастацтва, дый усякае наагул культуры; былі яны таксама і разсаднікамі прасьветы. Аднак, з ходам часу духавенства ўсё менш і менш рупілася аб разьвіцьці вéды, усё больш паношылася сярод духоўных цемната і навет пагарда да сьвецкае навукі. Надыйшоў час, калі даўнейшія багатыя манастырскія бібліатэкі сталі перанасіць у скляпы без вакон, дзе цэнныя пэргамэнты, на якіх пасьпісаваны былі праўдзівыя скарбы чалавечае думкі, гнілі або йшлі на пажыву мышам. Бывала і гэтак, што цёмны манах саскрабаў з гэных пэргамэнтаў старое пісьмо, каб выкарыстаць іх для запісу нейкіх лягендаў аб сьвятых, або малітваў, кронік і г. п.

Пэтрарка стараўся сабраць нанова і ратаваць ад зьніштажэньня цэнныя памяткі мінуўшчыны і шчыра захапіўся дасьледамі клясычнае літературы. Рабілі гэта ўперад і другія, але з працы іх было мала карысьці, бо не настаў яшчэ быў вялікі час Адраджэньня. Былі гэта звычайна адарваныя ад грамадзянства адзінкі, якіх праца і імкненьні мала каго ці-