Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/100

Гэта старонка была вычытаная

новае дынастыі ў асобе Міхала Раманава. Ўcé прадстаўнікі гэтае дынастыі імкнуліся да цясьнейшае сувязі з Заходняю Эўропаю. Але толькі чацьверты цар з гэтага роду, Пётра І (1683-1725), паставіў Маскву у рад эўрапэйскіх дзяржаваў.

Ад маладых гадоў Пётра І выяўляў надзвычайныя здольнасьці, вялікую борздасьць розуму, надзвычайную цікавасьць і нахіл да чужаземных парадкаў. У Маскве ўжо малады цар пазнаёміўся з многімі чужаземцамі, якіх туды закінула доля, рамéсьнікамі, купцамі, мараходамі, тэхнікамі, прамыслоўцамі. З вялікай цікавасьцяй слухаў ён іхніх апавяданьняў аб эўрапэйскіх парадках; асабліва ж яго цікавілі ваенныя і марскія справы. Дагэтуль маскоўскае войска складалася толькі з стральцоў, якія стварыліся з прыдворнае варты цара Івана Грознага і з эўрапэйскаю вайсковаю арганізацыяй ня мелі нічога супольнага. З мораў-жа Маскоўшчына валадала толькі Бéлым Морам, якое бывае вольнае ад лёду толькі два месяцы ў год, з портам Архангельскам. Пётра І паставіў сабе мэтай зрэформаваць свой народ на эўрапэйскі лад, стварыць войска па заходняму прыкладу і пашырыць межы свае дзяржавы на поўначы — да Балтыцкага Мора, занятага тады Швэдамі, а на паўдні — да Чорнага Мора, занятага Туркамі. З гэтаю мэтаю выпісаваў ён эўрапэйскіх вайсковых, марахадоў, тэхнікаў і прамыслоўцаў, высылаў моладзь дзеля эдукацыі заграніцу, ды навет сам іncognіto выбраўся на Захад, каб пазнаць яго жыцьцё і парадкі. Найдаўжэй быў ён у Голяндыі, дзе ў Саардаме і Амстэрдаме працаваў, як просты карабельны цéсьля. У Англіі, у Портсмуце, пышны ваенны флёт давёў яго да неапісанага захопленьня. Хацеў ён яшчэ з Вéны паéхаць у Італію, але стральцоўскае паўстаньне ў Маскве, скіраванае проці ўсякіх рэформаў, прымусіла яго сьпешна вярнуцца дамоў. Паўстаньне ён хутка сьціхамірыў, не шкадуючы біча, шыбеніцы і колу; стральцоўскую гвардыю скасаваў, а замест яе зарганізаваў войска на эўрапэйскі лад.

Каб добра вымуштраваць армію, ён выпісаў англійскіх інструктароў. Побач з гэтым, бязупынна будаваліся ваенныя і гандлёвыя караблі, закладаліся фабрыкі, адкрываліся капальні, праводзіліся каналы, а на завяршэньне рэформаў было загадана насяленьню пад пагрозаю суровае кары галіць бароды і апранацца на нямецкі лад. Усякае супраціўленьне гэтай навіне ламалася рэкамі крыві. Ў канцы Пётра І зьніштожыў і апошнія перашкоды свайму самаўладзтву, касуючы патрыярхат і абвяшчаючы сябé галавою праваслаўнае Царквы, а таксама адбіраючы даўнейшыя прывілеі ў старой радавітай шляхты і творачы, паводле рады Лейбніца, новую "шляхту заслугаў", або, проста кажучы, армію дзяржаўных