Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/101

Гэта старонка была вычытаная

урадоўцаў, падзеленых на рангі. Дый і сабé замéста старога царскага тытулу даў новы, абвяшчаючы сябе імпэратарам усяé Расéі, пакідаючы толькі, як дадатковы назоў, "самаўладца" (1721).

Яшчэ ў пачатку свайго гаспадараваньня Пётра І, вядучы вайну з Турэччынай, здабыў места Азоў, а значыць доступ да Чорнага Мора. Цяпер яго цікавіла найбольш Балтыцкае мора, і як раз хутка здарылася магчымасьць зьдзéйсьніць яго пляны.

6. Паўночная вайна (1700-1721). Пасьля сьмерці Караля XІ (1697) карона перайшла да яго 15-цілетняга сына, Караля XІІ. Суседзі зараз-жа пастанавілі, карыстаючыся моладасьцяй і непрактычнасьцяй новага караля, сапхнуць Швэдзію з яе першараднага становішча. З гэтай мэтай у 1699 г. Фрыдрык ІV, кароль данскі, які мéў спрэчку з Гольштэйн-Готорпам, ды Аўгуст ІІ, саксонскі курфюрст і адначасна польскі кароль, якому хацелася здабыць Інфлянты, ці, ляпей кажучы, утрымаць саксонскае войска ў Польшчы супроць ваеннае небясьпекі, зрабілі з царом Пётрай І саюз проці Швэдзіі. З гэтага і пачалася вялікая паўночная вайна.

Хутка выявілася, што задача хаўрусьнікаў не такая лёгкая, як здавалася, бо Кароль ХІІ паказаў сябé годным наступнікам папярэдніх ваяўнічых швэдзкіх каралёў. Вайна пачалася ў 1700 г. напасьцяй Фрыдрыка ІV на землі князя Гольштынскага і заняцьцем Інфлянтаў саксонскімі вайскамі. Але швэдзкі кароль неўспадзеўкі хутка зьявіўся ў Зэляндыі і прымусіў данскага караля яшчэ ў 1700 г. падпісаць Травэндальскі мір, паводле якога той павінен быў выйсьці з Гольштыніі і адрачыся ад сваіх хаўрусьнікаў. Таксама хутка зьвярнуўся ён проці Пётры I, які з значна вялікшымі сіламі аблягаў м. Нарву, над Фінскай Затокай. Кароль ХІІ страшэнна разьбіў яго, але замест таго, каб выкарыстаць сваю перамогу і прымусіць цара падпісаць мір, ён адразу-ж вырушыў проці Аўгуста ІІ і гэтым даў Пётру I час сабрацца з сіламі.

Вельмі хутка даў ён сабе рады з саксонскім войскам Аўгуста ІІ; як пераможца, увайшоў у Варшаву і Кракаў і прымусіў у 1704 г. польскую шляхту скінуць з пасаду саксонскага курфюрста і выбраць на яго месца за караля пазнанскага ваяводу Станіслава Лешчынскага. У 1706 годзе Кароль XІІ заняў і Саксонію, ды прымусіў Аўгуста ІІ згадзіцца на мір у Альтранштадзе. На моцы гэнага міру саксонскі курфюрст зрокся польскага пасаду і саюзу з Расеяй, ды апроч таго абязаўся прахарчаваць швэдзкую армію праз зіму.