Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/103

Старонка праверана

Лівонія, Эстонія, Інгрыя і Карэлія. Такім чынам Швэдзія страціла сваё пануючае палажэньне ў Паўночнай Эўропе на карысьць Расéі.

§ 12. Эўрапейскае грамадзянства ў XVII і XVIII вякох.

1. Абсолютызм. На працягу XVII вéку монархам блізка ўсюдых удалося зьніштожыць апошнія запоры, што яшчэ абмежавалі іхнюю ўладу. Часамі можна было гэта лічыць навет поступам, бо монархічнае гаспадараньне ўсё-ж было здзейсьненьнем дзяржаўнага адзінства. Непаслухмяная фэодальная арыстократыя, якая даўней ня знала іншае волі, апрача толькі свяé ўласнае, навучылася слухацца вышэйшае ўлады.

Злучаныя між сабою аўторытэтам монарха розныя станы і часткі краю, з якіх кожная дагэтуль мела свае саўсім асобныя інтарэсы, пачалі пачуваць сябé часткамі большае суцэльнасьці, дзяржавы. За гэты поступ, аднак, прышлося дорага заплаціць, — заплаціць цаною волі.

Усюдых права народу мець уплыў на дзяржаўныя справы праз сваіх прадстаўнікоў або зрабілася пустою формальнасьцяю, або і саўсім было скасована. Маглі цяпер монархі накладаць якія-хаця падаткі, зьмяняць і выдаваць законы і кіраваць судамі, як ім толькі хацелася. Па прыкладу Людвіка XІV, захацелі монархі, каб усé, навет і найдрабнейшыя дзяржаўныя справы праходзілі праз іхнія рукі. Калі даўней провінцыі, месты і грамады самі пастанаўлялі аб сваіх унутраных справах, дык цяпер гэты парадак зьмяніўся самавольствам урадоўцаў, якія пастанаўлялі аб тым, прыкл., ці якая вёска можа будаваць мост, места — адкрываць новы пляц, провінцыя — новую дарогу і г. д. Скасована была ўсякая самадзейнасьць народу; усё павінна было быць загадана або дазволена ўрадам, усё знаходзілася пад яго кантролем.

Форма вопраткі, велічыня парыка, якасьць выробаў — усё вызначалася ўрадамі; танцы, гульні, курэньне ды зажываньне табакі, піцьцё кавы і г. д. таксама дазваляліся або забараняліся законамі[1]. Проці монаршае самаволі нася-

  1. Кольбэр у сваіх загадах вызначаў, сколькі мае быць нітак у тканінах, а калі хто гэтага ня слухаўся, загадаваў вешаць тканіны на шыбеніцах і паліць. Фрыдрык Вільгэльм I, кароль прускі, саджаў у вастрог слуг, якія не хацелі йсьці на службу. Яшчэ ў 1775 годзе у Вальдэку істнаваў спецыяльны „загад аб каве“, які забараняў пад страхам штрафу ў 10 талераў частаваць каваю прачак: духавенства павінна было абвяшчаць у цэрквах фаміліі тых, хто ня слухаўся гэтага загаду, каб улады ведалі, каго штрафаваць.