Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/104

Гэта старонка была вычытаная

леньне нічога не магло зрабіць. У Францыі на падставе г. зв. "lettre de cachet" (пісьменнага загаду з каралеўскаю пячаткаю) можна было кожнага пасадзіць у вастрог бяз усякае прычыны і трымаць тамака бяз суда. Пасьля сьмерці Людвіка XІV ў Бастыльлі знайшлі Італьянца, які быў арыштаваны ў першы-ж дзень, як прыехаў у Парыж, прасéдзіў у вастрозе 35 гадоў і ані ён, ані хто іншы ня ведалі, за што. Фрыдрык Вільгэльм І прускі публічна на вуліцы зрываў з жанок уборы чужаземнага вырабу, якія забараняў насіць, каб падняць краёвую прамысловасьць. Будучы ў благім настроі, ён біў людзей на вуліцы, так што, угледзіўшы яго, людзі як мага ўцякалі з дарогі. Каб укомплектаваць свой "полк асілкаў", ён дапускаў проста гвалты і рабункі; ні адзін рослы мушчына ня быў у бясьпечнасьці ад яго вярбоўшчыкаў. Каб аддзякаваць Пётры І, які прыслаў яму чалавека вялізарнага росту, ён загадаў некалькіх кавалёў гвалтам вывезьці ў Расéю на падарунак цару. Леопольд І, якога навет хваляць за добрае сэрца, заваяваўшы ў 1687 г. Вэнгрыю, загадаў у Эпэр'ес мясцовую шляхту цэлымі масамі тортураваць ды забіваць, хочучы прымусіць яé, каб зраклася права элекцыі. У ХVІІІ в. маркграф з Анзбаху загадаў жаўнеру, які стаяў на варце, каб той аддаў яму сваё аружжа; той паслухаўся, і за гэта маркграф засудзіў яго на сьмерць, як чалавека пудлівага. Гэты самы маркграф уласнаручна забіваў сваіх сабакароў за якую небудзь няўвагу. У часе амэрыканскае вайны за незалежнасьць, ляндграф Гэсэнскі, як і іншыя нямецкія князі, прадаваў Англійцам людзей у войска і за атрыманыя такім спосабам грошы утрымліваў двор, які сваёю пышнасьцяю меўся зраўнавацца з Вэрсалем. Кожын нямецкі двор як мага стараўся зраўнавацца з Вэрсалем ня толькі пышнасьцяй, але і дэморалізацыяй. У Францыі гэтая дэморалізацыя прынамсі злучалася з вялікаю эстэтычнасьцяй формаў, а ў Нямеччыне яна выяўлялася ў-ва ўсёй брутальнасьці.

Калі некаторыя з эўрапэйскіх монархаў папраўдзе клапаціліся аб дабрабыце насяленьня, дык звычайна або быў гэта мінутны капрыс, або спосабы папраўкі палажэньня былі неадпаведныя.

Навет найлепшыя з монархаў, гонячыся за ваеннаю славаю, або праз ненасытнае імкненьне да пашырэньня сваіх валаданьняў, не задумуючыся ахвяроўвалі гэтым мэтам жыцьцё і маемасьць насяленьня. Як уперад вяліся рэлігійныя войны, так у XVІІ і XVІІІ вякох вяліся заваявальныя і спадчынныя войны дзеля асабістых выдумак і капрысаў монархаў.