Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/105

Гэта старонка была вычытаная

2. Няроўнасьць станаў. Утрыманьне сталага войска, прыдворная роскаш, фаворыты ды фаворыткі монархаў — на ўсё гэта йшлі вялізарныя сумы.

Каб нéяк ізноў напоўніць свае касы, монархі хапаліся за ўсялякія спосабы; яны проста гандлявалі ўрадавымі становішчамі, шляхоцкімі тытуламі і ўсялякімі прывілеямі. З насяленьня стараліся выціснуць, сколькі толькі можна было. Падаткі ня толькі былі падняты проста да немагчымае вышыні, але да таго яшчэ ляжалі яны блізка што выключна на аднэй, найбяднейшай клясе насяленьня. Усюдых блізка духавенства і шляхта былі вольныя ад падаткаў, калі не ад усіх, дык прынамсі ад цяжэйшых. У Францыі, напрыклад, духавенства, якое валадала 1/5 часткаю зямлі і апроч таго брала дзесяціну ад усякіх даходаў парахвіянаў, або нічога не плаціла дзяржаве, або плаціла вельмі мала. Шляхта і ўрадоўцы таксама былі вольныя ад пагалоўнага падатку (г. зв. taіlle). Падаткі ўсім сваім цяжарам клаліся на мяшчан і сялян, якія валадалі толькі палавінаю зямельнага прастору; апроч таго, ціснулі іх царкоўныя дзесяціны, фэодальныя падаткі, якія плаціліся паном, і паншчына, якую на іх па крысé накладалі паны і шляхта. Асабліва цярпелі ад гэтага сяляне, якія гэтак згалелі, што перасталі быць падобнымі да людзей[1]. Апроч таго блізка ўсюдых істнавала падданства вясковага насяленьня (прыгон), і, чым далей на ўсход, тым было яно больш пашырана. Крыху ляпей, чым няшчаснаму сялянству, жылося мяшчанам, гандлярам ды рамесьнікам у местах. Аднак, і на мешчаніна, які, ня гледзячы ні на што, патрапіў здабыць сабé эдукацыю і заможнасьць, шляхта глядзела заўсёды зьверху, з пагардаю і няўвагаю. У Нямеччыне, прыкладам, лічылася за абразу для шляхціца, калі яго дзіцё бывала ахрышчана ў аднэй вадзе з мяшчанскім дзіцём. Для нешляхціца дарога да вышэйшых становішчаў у дзяржаве, арміі і царкве, за

  1. Адзін францускі аўтар у 1689 г. пісаў: Едучы дарогаю, бачым нейкія асаблівыя жывёлы; чорныя, спаленыя сонцам, худыя, пахіленыя над зямлёю, яны капаюцца ў ёй з нязьменнаю вытрываласьцяй. Гавораць людзкаю моваю, а калі падыймуцца, відно, што маюць людзкае аблічча. І запраўды гэта людзі. На-нач знаходзяць яны сабе прытулак у пячорах, дзе жывяцца чорным хлебам, вадою і карэньнямі. Даючы магчымасьць іншым людзям не працаваць пры сяўбé, арбé ды звозцы, яны, здавалася-6, заслугуюць на тое, каб мець хлеб, які здабываюць у крыві і поце". 50 гадоў пазьней адзін францускі міністар пісаў: "У мамэнт, калі я гэта пішу, у часе міру, пры відах на ураджай калі не саўсім добрых, дык у кожным разе зносных, людзі мруць, як мухі, ад голаду і аслабленьня, а жывяцца травою". Гэтак больш-менш было ўсюдых, апрача Англіі ды рэспублікаў Голяндыі, Швайцарыі, Вэнэцыі, дзé доля сялянства была хоць крыху зносная. З гэтага, мусіць, паўстала вядомая думка Монтэск'é: "Ураджайнасьць зямлі менш залежыць ад гатунку грунтоў, чым ад волі народу".