Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/106

Гэта старонка была вычытаная

невялікімі выняткамі, была зачынена. Шляхоцкае паходжаньне, з другога боку, адкрывала чалавеку ўсе магчымасьці. У Францыі сямігадовых хлапцоў назначалі палкоўнікамі, калі толькі тыя мелі князёўскі тытул, ды досіць грошай, каб купіць гэтае дастаенства.

3. Перашкоды для зямляробства, гандлю і прамысловасьці. Лёгка зразумець, што пры гэткіх абставінах сéльская гаспадарка стаяла нізка. У 1750 годзе Францыя мела ў 4 разы менш жывога інвэнтара, чым мае цяпер, а чацьвертая частка найлепшае зямлі ляжала дзірваном. І дагэтуль ніхто ня меў права займацца ніякім рамяслом, калі не належаў да адпаведнага цэху. А зрабіцца цэхавым рамесьнікам было ня так-то лёгка, — у кожным прыпадку шмат каштавала. Трэба было пэўную лічбу гадоў працаваць за вучня і чалядніка, пасьля зробіць паказную працу (майстарштык) і ўвесь час плаціць то майстру, то цэху, то ўраду.

Такім чынам, навет права на працу было прывілеем і даходам дзяржавы. Гандаль таксама меў шмат перашкод свайму нормальнаму разьвіцьцю. Урады ўважалі сябé за абсолютных гаспадароў гандлю; маглі яны саўсім забараніць прадажу якога-небудзь тавару і заўсёды абвесьціць на яго свой манаполь, г. ë. захапіць сабе выключную прадажу гэтага тавару. Здаралася няраз, што без усялякае ўвагі на інтарэсы гандляроў, якія дагэтуль прадавалі нейкі тавар, выдавалася забарона вырабляць або прадаваць гэты тавар, і правы на манапольную прадажу ці выраб яго перадаваліся іншым прыватным людзём ці за грошы, ці дзеля ласкі, ці ўканцы дзеля іншых прычынаў. Асабліва часта аддаваліся гэткія манаполі вялікім заморскім гандлёвым фірмам; гэткім спосабам абмежаваўся сухаземны гандаль. Бывалі, прыкл., гандлёвыя таварыствы, якія мелі права даставы збожжа для таго ці іншага места; - іншыя мелі правы малоць гэтае збожжа і г. д. Гэта вельмі шкодзіла насяленьню, якому нельга было купляць у іншых гандляроў. Калі на які тавар быў вольны гандаль, дык на яго накладалася множства ўсялякіх падаткаў, пакуль ён даходзіў да рук спажыўца. Ня толькі дзяржава, але і паасобныя провінцыі ды месты былі акружаны рагаткамі і мытнымі ўстановамі. На кожнай дарозе і пры кожным мосьце трэба было плаціць падатак. Навет судаходзтва па рэках, утрыманьне якіх тады нічога блізка не каштавала, бо іх тады найчасьцей не рэгулявалі, абкладалася значнымі падаткамі; прыкладам, судзіна, плывучы 36 гадзінаў па Саоне і Роне, 30 разоў затрымлівалася, і гэтулькі-ж разоў трэба было плаціць спэцыяльныя падаткі за тое, што плыла.