Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/107

Гэта старонка была вычытаная

4. Моральны прыціск. Народ у тыя часы быў ня толькі пад экономічным прыціскам, але і пад духоўным. Хаця пасьля Вэстфальскага міру спынілася масовыя разьня, што рабілася ў імя рэлігіі, але прымус у рэлігійных справах наагул ня счэз. Людвік XІV, касуючы Нантскі эдыкт, ня быў нейкім выняткам. Імпэратар Леопольд І у Вэнгрыі прысудзіў спаліць на агні 250 протэстантаў, але пасьля раздумаўся і і прадаў іх па 50 каронаў на гішпанскія галеры[1].

Ў 1731 г. князь біскуп Зальцьбурскі выслаў з свайго краю ўсіх сваіх падданых протэстантаў пры вельмі цяжкіх для іх варунках.

У Швайцарыі яшчэ два разы — у 1656 і 1712 гадох — былі рэлігійныя войны. У Польшчы, дзе праз XVІ і XVІІ вякі панавала рэлігійная толерантнасьць, у пачатку XVІІІ в. па намаганьням езуітаў распачалося прасьледаваньне і прыціск некаталікоў.

Калі хрысьціянскія цэрквы ўзаемна прасьледавалі адна адну, дык доля тых, што не належалі ні да аднае з іх, была яшчэ горшая. Жыдоў нідзе, за выняткам Голяндыі ды Польшчы, законы не баранілі. Дый там, дзе іх толеравалі, абхадзіліся з імі, як з нéйкаю заразаю. Аб тых часох прыпамінаюць нам брудныя жыдоўскія вуліцы і кварталы, якія пааставаліся ў шмат якіх местах да нашых дзён. Тут было г. зв. „гетто"; ад рэшты места было яно шчыльна адгароджана, і праз браму варта пускала і выпускала прахожых (вéдама, за плату). Ня ў кожнай гадзіне і ня кожынь дзень маглі Жыды хадзіць у хрысьціянскія кварталы. Ўвесь час узрастаючае насяленьне жыдоўскіх кварталаў проста душылася ў сваіх цесных завулках. Калі хрысьціянін, апрача шляхты і духавенства, ніколі ня быў пэўны за сваё жыцьцё, то гэта яшчэ больш адносілася да Жыдоў.

Таго, хто адважыўся мéць свой уласны пагляд на рэлігію і на сьвет і не хаваў сваіх думак толькі для сябé самога,—таго прызнавалі атэістам, і ўсюдых, апрача Голяндыі, яго чакала верная сьмерць. Ужо ня кажучы аб каталіцкіх краёх, але ў краёх протэстанцкіх, асабліва-ж у Нямеччыне ды Швайцарыі, істнаваў дэвіз: перад усім-біблія, а ўжо пасьля-навука. Тое, што пярэчыла прызнаванай за сьвятую і непамыльную літары бібліі, лічылася бязбожным, процірэлігійным і з гэтае прычыны было забаронена дзяржаваю; гэтак, прыкл., было з навукаю Копэрніка. Навет найменшага адхіленьня ад катахізмовае веры было даволі, каб прызнаць чалавека неправавéрным. Протэстанцкія тэолёгі ўгаварылі Фрыдрыку Вільгэльму І, што навука профэсара

  1. Пры плаваньні ваенных караблёў ужываліся тады яшчэ нявольнікі, закутыя ў кайданы, якія грэблі вёсламі.