Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

Вольфа, знамянітага вучня Лейбніца, ёсьць процірэлігійная, і кароль, ня пытаючыся ўжо больш ні аб чым, скінуў яго з профэсуры ды, грозячы шыбеніцай, загадаў праз 24 гадзіны выехаць з Прусаў. Каб небясьпечныя творы не псавалі пабожнага і правамыснага настрою насяленьня, урады пазаводзілі ўсюдых цэнзуру над усякімі друкамі. Чалавечую думку душылі ўжо ў зародку, не дапускаючы яе ўгледзіць сьвет; знаходзілася даволі даносчыкаў і на вольнадумныя кніжкі, і гэтыя апошнія па загаду духоўнае дый сьвецкае ўлады паліў кат. За пашыраньне, а навет за самае ўладаньне забароненымі кніжкамі каралі калі ня шыбеніцаю, дык прынамсі галерамі.

5. Забабоны і прасьледаваньні чараўніц. Духоўныя й сьвецкія ўлады ня раз абвяшчалі друкарства і школы шатанскай выдумкай, бо праз іх вырасла непаслухмянасьць і бязьвер'е. Трымаючыся такіх паглядаў, дзяржаўная ўлада вельмі мала, або і саўсім нічога не рабіла дзеля прасьветы масаў; цемната народная лічылася рэчай саусім натуральнай і пажаданай. За тое забабоны пашыраліся бяз усякіх перашкод. Усюды была пашырана вера ў магчымасьць штучнага прыгатаўленьня золата (альхімія), у "навуковую" варажбу (астролёгія). Валенштэйн, прыкладам, заўсёды і ўсюдых мéў пры сабé астролёга, які паводле ўкладу зорак на небе прадсказваў яму ягоную будучую долю. Рэдка калі хваробы і нешчасьлівыя прыпадкі прыпісаваліся натуральным прычынам. Думалі тады, што вайну наводзілі камэты, а заразу і ўсялякія няшчасьці, навет сухмені і разводзьзі, — злыя людзі, што прадалі душу чорту, чараўнікі ды чараўніцы. Страшным рэзультатам гэтых забабонаў былі процэсы чараўніц; гэныя процэсы, дзякуючы папам, пачаліся ўжо ў сярэдніх вякох, але толькі ў ХVІІ веку дайшлі найбольшага разьвіцьцця. Урады каталіцкія і протэстанцкія навыперадкі стараліся зьніштажаць "хаўрусьнікаў чорта", асабліва-ж вызначаліся протэстанцкія ўрады ў Нямеччыне і Швайцарыі. Цікава, што ў гэтых справах, як вынятак для тых часоў, усіх падсудных трактавалі роўна: ні пол, ні вéк, ні найвышэйшае становішча і самае бліскучае паходжаньне не ратавалі ад страшнога падазрэньня[1]. Абвінавачаных у гэтых справах заўсёды засуджалі, бо пры помачы мукаў судзьдзі дабіваліся ад ахвяраў усяго, што толькі хацелі, і ў

  1. У Люцэрне ў 1652 г. спалілі жыўцом 85-летнюю кабéту; у тым самым годзе спалілі дзяўчынку 11-х гадоў, а ў 1659 г.-сямігадовую дзяўчынку ўперад задушылі, а пасьля спалілі. У Вюрцбургу ў працягу 3-х гадоў тортуравалі і прысудзілі спаліць некалькі шляхтаў, 4 канонікаў, 14 катэдральных вікарыяў, жонку бурмістра, некалькі мескіх радных і навет найбліжэйшага сваяка біскупа.