Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/110

Гэта старонка была вычытаная

Дзьвюх Рожаў счэз прыгон; кожын быў асабіста вольны, і, наагул, станы не ператвараліся ў касты, як гэта было ў рэшце Эўропы.

Англійскі народ, як і цяпер яшчэ, складаўся з двух галоўных станаў: лёрдаў (паноў) і комунаў (грамадаў), якім адпавядалі і дзьве палаты парлямэнту. Аднак, лёрдамі рабіліся біскупы і вышэйшыя дзяржаўныя ўрадоўцы, і дзеля гэтага кожын прадстаўнік грамадаў мог сваімі талентамі і заслугамі здабыць сабе дастаенства лёрда. З другога боку, тытулы і валаданьні бацькі пераходзілі заўсёды толькі да найстарэйшага сына, малодшыя-ж сыны пераходзілі ў грамаду. Такім чынам, шляхта і народ увесь час злучаліся між сабою, пачувалі сябé грамадзянамі аднае нацыі і супольна залажылі асновы волі, дадаючы да кароны парлямэнт і творачы яго-знарок, ці можа прыпадкова,-гэтак, што па сваёй організацыі і дзейнасьці ён адразу ж перагнаў усé парлямэнты Эўропы. Калі, прыкл., "Etats généraux" складаліся з трох сходаў, з дэпутатаў ад шляхты, духавенства і мяшчанства, і з гэтае прычыны трэці стан меў толькі адзін голас проці двух прывілейных,-у англійскім парлямэнце біскупы і шляхта тварылі толькі адну палату-г. зв. верхнюю (палату лёрдаў), а прадстаўнікі графстваў і местаў тварылі другую палату-ніжнюю (палату грамадаў), якая ўвесь час павялічала сваё значэньне і рабілася асноваю ўсяго парлямэнту.

Ужо некалькі сталецьцяў у Англіі лічылася агульным прынцыпам, што кароль ня мог накладаць падаткі і выдаваць законы бяз згоды парлямэнту, і што ягоныя слугі адказвалі перад парлямэнтам за сваю дзейнасьць. Ня глéдзячы на прыціск у часе першых Тюдораў, парлямэнт, які ў прыватных справах Гэнрыка VІІІ і ў тагочасных рэлігійных справах выявіў гэтулькі паблажлівасьці і зразумеласьці, пазьней, калі гэты кароль папрабаваў ападаткаваць народ бяз згоды парлямэнту, даў яму рашучы адпор, клічучы пры гэтым: "Мы Англійцы, а не Французы; мы вольныя людзі, a не нявольнікі"[1]. Кароль мусіў уступіць парлямэнту, бо ня мéў сталага войска. Англія, забясьпечаная звонку морам ад нападу суседзяў, яшчэ у XVІІ веку ня мела патрэбы трымаць сталае войска. Знайшоўся, аднак, і ў Англіі каралеўскі род, які сур'ёзна наважыўся ўстанавіць і ў гэтым краі абсолютызм. Гэта былі Стюарты.

2. Далучэньне Ірляндыі і Шкотляндыі. Якуб І (1603-1625). Дзень сьмерці Альжбеты - гэта важны мамэнт у брытанскай гісторыі. За некалькі тыдняў перад яé ска-

  1. § 5.