Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/114

Гэта старонка была вычытаная

і англіканскага духавенства. На вуліцах Лёндану ўжо пачаліся бойкі паміж насяленьнем і жаўнерамі, ды паміж абедзьвюх партыяў, пры чым радыкальная партыя брала верх, бо ёй спачувала большасьць жыхараў сталіцы.

Аканчальна партыі разыйшліся і пурытане парвалі зносіны з каралём з прычыны паўстаньня Ірляндцаў, якое распачалася тым, што былі перабіты ўсé знаходзіўшыяся ў Ірляндыі протэстанты. Ужо і да таго істнавала спорка паміж "круглымі ілбамі" і „кавалерамі" ў справе аб галоўнай уладзе караля над арміяй. Цяпер трэба было сьпешна загадаць вайсковы набор, каб усьцішыць ірляндзкае паўстаньне. А тым часам баяліся, каб пад галоўнай камандай караля войска не завяло нанова тыраніі. Кароль І, раздражнены тонам пасольскіх прамоваў у гэтай справе, аднаго дня зьявіўся ў парлямэнт з аружнаю сілаю, каб заарыштаваць Гэмпдэна і Піма, ды яшчэ трох правадыроў партыі "круглых ілбоў". Гэта яму, аднак, не ўдалося, бо папярэджаных загадзя аб гэтым дэпутатаў на сходзе ня было.

Страшное абурэньне запанавала сярод народу. Лёнданскія грамадзяне узброіліся дзеля абароны парлямэнту і з трыумфам увялі назад у залю гэных пяцёх дэпутатаў. Опозіцыя рашуча перамагла. Кароль І выехаў з бунтаўніцкае сталіцы і затрымаўся ў роялістычным месьце Іорку. Яшчэ нейкі час ішлі перагаворы, але ў канцы, калі ніводная з партыяў не хацела уступіць другой, хапіліся за аружжа.

5. Дамовая вайна (1642-1645). Калі гэтак распачалася дамовая вайна, шляхта і каталікі згуртаваліся каля караля; на поўначы і на захадзе пайшлі за ім і народныя масы. З другога боку парлямэнт мéў за сабою багатыя, густа заселеныя паўднёвыя ды ўсходнія провінцыі і блізка ўсé месты. Спачатку перамагаў кароль. Наëмныя жаўнеры, з якіх складалася войска парлямэнту, не маглі зраўнавацца з добра вымуштраваным шляхоцкім войскам; апроч таго, вялікія парлямэнтарныя пурытанскія прамоўцы аказаліся слабымі ваяводамі, за выняткам толькі Гэмпдэна, які без пары злажыў сваю галаву. Але праз некалькі гадоў палажэньне зьмянілася дзякуючы геніяльным ваенным талентам Олівэра Кромвэля, сваяка Джона Гэмпдэна.

Да сараковага году жыцьця Кромвэль жыў у вёсцы, як скромны зямляўласьнік. Выбраны ад места Кéмбрыджа ў "даўгі парлямэнт", ён, ня гледзячы на сялянскую грубаватасьць і прастату ды няпрыемны голас, вызначыўся як агнявы пурытанскі прамоўца; аднак, сваю праўдзівую веліч ён выявіў у часе аружнае барацьбы. Заняўшы ў войску становішча палкоўніка, ён хутка заўважыў недахваты пурытанскае арміі. Заместа таго, каб запоўніць свой полк наëмнымі жаў-