Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/115

Гэта старонка была вычытаная

нерамі, ён паехаў у свае графства, клікнуў да аружжа сялянскіх сыноў, намовіў іх да самае строгае вайсковае дысцыпліны і гэткім спосабам здабыў байцоў, поўных запалу да справы, за якую йшлі змагацца. 3 гэтым палком у 1644 г. недалёка ад Іорку Кромвэль пачаў бітву з каралеўскім войскам і бліскуча яго перамог. З гэтага мамэнту стаўся ён душою змаганьня. Праўда, парлямэнт формальна не назначыў яго галоўным ваяводаю, аднак даверыў яму фактычнае кіраўніцтва ў арміі і даў яму магчымасьць зрэформаваць усю яе паводле прыкладу свайго палка. У 1645 г. пад Нэсбі ён саўсім разьбіў вайсковыя сілы караля. Кароль І ўцёк у Шкотляндыю, але ня ўмеў перахіліць на свой бок Шкотаў, і тыя выдалі яго англійскаму парлямэнту.

6. Казьнь Караля І (1649). Перамога пурытанаў была поўная. Але йзноў пачалося раздваеньне ў парлямэнце з прычыны розьніцы ў паглядях на справу англіканскае царквы. Некаторыя ўжо дзеля ненавісьці да Лёўда, якому пад канец дамовае вайны адсéклі галаву, хацелі саўсім скасаваць біскупскія парадкі, якія той гвалтам заводзіў. Вялізарная большасьць пурытанаў манілася замест англіканскае царквы стварыць чыста кальвінскую, або прэзьбітэрыянскую, як у Шкотляндыі, да таго-ж такую, каб не цярпела ніякіх адхіленьняў у бок. Але ўжо паміж іх сталі знахадзіцца людзі, якія казалі, што ўсялякі прымус у справах веры становіць нешта ганебнае, незалежна ад таго, ці ён ідзець ад біскупаў, ці ад прэзьбітэраў. Яны жадалі толеранцыі для кожнае хрысьціянскае грамады ці сэкты, так, каб кожная была незалежная (іndependent) ад дзяржаўнае царквы і магла служыць Богу паводле свайго ўласнага разуменьня. Толеранцыя гэтая была нялішне шырокая, не абыймала навет каталікоў, аднак-жа жаданьне яе выклікала ў парлямэнце вялікае, абурэньне, а сярод духавенства і народу-гвалтоўны адпор. За тое ў войску знайшлося шмат прыхільнікаў гэткае куртатае толеранцыі; іх называлі індэпэндэнтамі. Такім чынам спорка паміж індэпэндэнтамі і прэзьбітэрыянамі абярнулася ў спорку парлямэнту з войскам. Калі-ж парлямэнт захацеў распусьціць войска, пурытанскія жаўнеры заваладалі асобаю караля, занялі Лёндан і прымусілі парлямэнт адмяніць свае пастановы. Абéдзьве партыі вялі перагаворы з каралём, а той умаўляўся то з аднэю, то з другою, хочучы і тую і другую ашукаць ды спадзяючыся, што яны ўзаемна сябé зьніштожаць. Гэтая двудушнасьць якраз і загубіла Караля. У канцы жаўнеры страцілі цярплівасьць і рашуча зажадалі, каб караля, як вінавайцу разьліцьця крыві, казьніць і, наагул, раз назаўсёды скасаваць монархію. Пазываліся яны пры гэтым на біблію, прыпамінаючы словы Самуэля, што