Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/116

Гэта старонка была вычытаная

монархія ёсьць нявернасьць Богу, ды яшчэ на тое, што найбольш знамянітыя старавéчныя дзяржавы былі рэспублікамі. У справах рэлігійных яны жадалі поўнага аддзяленьня царквы ад дзяржавы, ды бязумоўнае толеранцыі.

Каліж большасьць парлямэнту не хацела і слухаць аб гэтым, а ўсякай цаной старалася пагадзіцца з каралём, Кромвэль заняў войскам залю парлямэнту і выдаліў адтуль усіх прэзьбітэрыянаў; у залі асталося толькі 50-60 індэпэндэнтаў, дзясятая частка ўсяго складу парлямэнту. З гэтага часу жаўнеры зрабіліся праўдзівымі гаспадарамі ў краі; на шчасьце, аднак, былі гэта жаўнеры, якія ўзяліся за аружжа ня дзеля платы, ці рабункаў, а дзеля абароны свае веры і волі. Вызначаліся гэтыя ваякі павагаю, рэлігійнасьцяй і моральнасьцяй; п'янства, шулерства ды іншае распусты сярод іх ня было; свой вольны час займалі яны малітвамі, казаньнямі, ды гутаркамі аб рэлігійных і палітычных справах. "Ачышчаны" імі парлямэнт, які злосьнікі называлі "тулавам", зорганізаваў "надзвычайны суд" для разьвязаньня справы караля. Надарэмна Кароль І не прызнаваў яго компэтэнцыі ў сваéй справе. Кароль быў засуджаны на сьмерць, як тыран, здраднік, забойца і вора, і адважна памер на памосьце, на пляцу перад сваім палацам Уайтголем у Лёндане. Монархію і верхнюю палату скасавалі, як непатрэбныя і шкодныя; гаспадараньне даручана было дзяржаўнай радзе, зложанай з 41 сябра і назначанай парлямэнтам.

7. Англія, як рэспубліка (1643-1653). Да рэспубліканскага ўраду ўвайшлі людзі з вялікімі здольнасьцямі і найсьвятлейшымі імкненьнямі. Апрача Кромвэля, найвіднейшаю духоўнаю сілаю быў шляхціць Гарры Вэн (Vane), які ўсё сваё жыцьцё аддаў на змаганьне за волю. Вораг усялякага гвалту, ён голасна ганіў і выдаленьне прэзьбітэрыянаў з парлямэнту, і яшчэ больш-казьнь караля. Аднак, калі прадмет яго лятуценьняў-рэспубліка-зьдзейсьніўся, ён не адмовіўся служыць новаму ўраду. Паэт Ян Мільтон, якога ў Англіі ставяць найвышэй-пабач э Шэкспірам (ён напісаў поэму: "Страчаны рай", ды шмат твораў, выслаўляючых вольнасьць сумленьня і друку), -быў дзяржаўным сэкрэтаром рэспублікі і сваім геніяльным пяром шмат дапамог рэспубліцы апраўдацца перад Эўропаю за казьнь караля.

Маладая рэспубліка, аднак, мéла яшчэ шмат труднасьцяў перад сабою. Маса англійскага народу або зусім ня цікавілася зьмéнай формы сваёй дзяржаўнасьці, або йшла проці яé. У Ірляндыі абвесьцілі каралём сына сказьнёнага караля, Караля ІІ; навет Шкоты не хацелі слухаць аб рэспубліцы і ад імя Караля ІІ распачалі аружную барацьбу з рэспублікаю. Заграніца-ж, як каталіцкая, так і протэстанц-