Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/117

Гэта старонка была вычытаная

кая, закідала "забойцаў караля" словамі абурэньня і пагарды. Ў Гаазе і Мадрыце пазабівалі англійскіх паслоў, і ўрады не пакаралі забойцаў. Роялісты па прыкладу "вадзяных Гéзаў" ладзілі корсарскія напады на караблі англійскага рэспубліканскага ўраду; ува ўсіх эўрапэйскіх портах знаходзілі яны сабé прыпынак і добрае прыймо. Рэспубліканцы, аднак, веручы ў аканчальнае ўстанаўленьне волі ў родным краі, моцна і трывала стаялі на сваім. Кромвэль высадзіўся ў Ірляндыі і страшэнна адамсьціў тамашняму насяленьню за разьню протэстантаў. Тысячы Ірляндцаў былі пазабіваны пры штурме местаў, тысячы былі выгнаны з-пад роднае страхі, а іхнія землі параздаваны англійскім колёністам. Пасьля ў дзьвюх бітвах Кромвэль саўсім разьбіў Шкотаў і прымусіў іх прызнаць рэспубліканскую ўладу ў Англіі і Шкотляндыі. Кароль ІІ толькі нейкім цудам выратаваўся ад арышту, ды ўцёк за мора.

Адначасна з гэтым Вэн (Vane), як старшыня марское рады, стварыў магутны ваенны флёт і знайшоў для яго адпаведнага кіраўніка ў асобе Робэрта Блэка (Blake), які з пурытанскага афіцэра сухазéмных войск зрабіўся першым марскім гэроем свайго веку. Калі ён, зьявіўшыся на моры, паразганяў роялістычных корсараў, а за кожную абразу свае дзяржавы зажадаў здаваленьня, хоць і памяркоўнага, але рашуча і нязломна, - эўрапэйскія дзяржавы задрыжэлі перад рэспублікай і хутчэй падпісалі з ёю мір, ды навет пачалі клапаціцца аб саюз з ёю. Мазарыні парадзіў маладому Людвіку XІV напісаць уласнаручны ліст да Кромвэля, каб упрасіць зрабіць саюз проці Гішпаніі.

Голяндцы дорага заплацілі за варожыя адносіны да сястры - рэспублікі. У часе гаспадараваньня няздольных Стюартаў марское дзела было ў Англіі саўсім закінута; Голяндцы, карыстаючыся гэтым, захапілі ў свае рукі ўвесь марскі гандаль Англіі. Цепер парлямэнт зрабіў канец гэтаму палажэньню, прыняўшы г. зв. навігацыйныя акты, якімі забаранялася чужым караблём прывозіць у англійскія порты іншыя прадукты, апрача тых, якія паходзілі з іхнага ўласнага краю, або яго колёніяў. Гэтая пастанова была прычынаю вялікае марское вайны з Голяндыяй, у часе якое ў працягу 15 месяцаў адбылося 10 марскіх бітваў на Паўночным моры, у Канале і на Міжызéмным моры. Як Голяндцы пад камандаю адважных адміралаў Тромпа (Tromp) і дэ Руйтэра (de Ruyter), так і англійцы - пад камандаю Блэка і Пэнна (Penn) выявілі цуды адвагі. У бітве пад Швэвэнінген (Swevenіngen) Тромп быў забіты, і справа павярнулася непамысна для Голяндцаў. Аканчальна аслабленыя, яны мусілі падпісаць мір. Англійская марская магутнасьць сталася першаю ў сьвеце.