Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/119

Гэта старонка была вычытаная

браў у Гішпанцаў адзін з найлепшых іхніх астравоў, Ямайку[1]. На Міжызéмнае Мора ён выслаў значны флёт, які нагнаў страху мусульманскім корсарам у Альжыры і Тунісе, а таксама урадам італьянскіх дзяржаваў. Усюдых ён апекаваўся протэстанцтвам; з гэтае прычыны пасьля вайны з Голяндыяй ён зрабіў з ёю саюз, крыху злагодзіўшы ня яе карысьць "навігацыйныя акты". Пасьля зрабіў ён саюз і з Швэдзіяй, як з найбольш магутнай протэстанцкай дзяржавай. Калі князь Савойскі пачаў сурова прасьледаваць жыўшых у альпэйскіх далінах Вальдэнзаў, Кромвэль толькі прыгразіў, і гэтага было ўжо годзе: прасьледаваньні былі спынены. Навет папа лічыўся з Кромвэлем.

Акружаны гэткаю славаю, Кромвель памёр (1660), назначыўшы наступнікам свайго сына.

9. Рэстаўрацыя Стюартаў. Кароль ІІ (1660-1685). Імя Кромвэля было акружана гэткаю пашанаю, што ягоны сын, Рычард, адразу-ж без перашкодаў быў прызнаны яго наступнікам. Але новага лёрда-протэктара не ўпадабала войска, дый наагул ня мéў ён здольнасьці, каб гаспадарыць гэтак, як яго бацька, і з гэткаю-ж сілаю. Праз восем месяцаў Рычард часткаю самахоць, часткаю - з мусу падаўся ў адстаўку, выгаварыўшы сабé сплату даўгоў і значны грашавы дар. Цяпер распачаўся час унутраных спрэчак і непаразуменьняў, бо скліканы Рычардам Кромвэлем "парлямэнт-тулава" вёў увесь час барацьбу з афіцэрамі за панаваньне. Тады генэрал Монк, амбітны намесьнік Шкотляндыі, увайшоўшы з войскам у Англію, дапоўніў парлямэнт дэпутатамі, выключанымі ў 1645 г. і аднавіў гэтак "Даўгі парлямэнт"; пасьля гэтага ён распачаў перагаворы з Каралём ІІ, які знаходзіўся ў Брусэлі. "Даўгі палямэнт" сабраўся яшчэ адзін раз, каб, як адзіная легальная ўлада ў краі, пастанавіць распусьціць самога сабé і склікаць новы парлямэнт.

Агульны настрой у краі гэтак зьмяніўся, што новы парлямэнт блізка што аднагалосна пастанавіў паклікаць Караля ІІ на бацькаўскі пасад. Той вярнуўся пры радасных кліках народу. Страшнае некалісь пурытанскае войска, аслабленае нязгодаю, не дало ніякага адпору; яно было адразу-ж распушчана.

Кароль ІІ урачыста дэкляраваў амністыю і волю сумленьня. Аднак, як толькі ён пачуў сябе бясьпечным на каралеўскім пасадзе, як зразу-ж зламаў слова і даў волю помсьце сваіх прыхільнікаў. Труп Кромвэля дасталі з труны, чацьвертавалі і спалілі. Разам з "трынадцацьма забойцамі караля" згінуў на памосьце правадыр рэспубліканцаў, чэсны

  1. § 10