Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/120

Гэта старонка была вычытаная

Вэн (Vane); гэткая-ж доля пагражала і Мільтону. Адноўленая біскупская царква нанова пачала прасьледаваць прэзьбітэрыянаў.

Кароль аказаўся няздольным гаспадаром і чалавекам распусным, лёгкадумным і раскідлівым, дык у хуткім часе ўвесь народ адхінуўся ад яго з пагардаю. Каб пакрыць церазмерныя выдаткі на свой двор, ён ня стыдаўся браць грашавую помач ад Людвіка XІV, вядучы за тое шкодную для свайго краю палітыку. Так, прыкл., ён прадаў францускаму каралю здабыты Кромвелем Дюнкірхен і за грошы даў яму вайсковую помач у вайнé з Голяндыяй. Гаварылі навет, што ён атрымліваў ад Людвіка XІV сталую пэнсію - 3 міліоны ў год за тое, што прызнаў сябе ягоным васалем і абяцаўся аднавіць каталіцкую царкву ў Англіі. Гэтыя весткі вельмі абуралі народ, а рэлігійная палітыка караля яшчэ ўзмацоўвала бунтаўнічыя настроі. Хаця Кароль ІІ уперад быў бязуважным на справы рэлігіі, аднак пад старасьць ён пачаў выяўляць усё больш спогад каталіцтву. Да гэтага пэўне-ж памаглі і зносіны з Людвікам XІV, які што раз больш упорліва дамагаўся спаўненьня дадзеных яму абяцаньняў аб навароце Англіі. Брат караля, Якуб, князь Іоркскі, адкрыта прыняў каталіцтва. Аднак, калі кароль г. зв. дэклярацыяй індульгенцыі самавольна скасаваў усялякія кары, накладаныя на неконформістаў, узьняўся рэлігійны англіканскі рух, і ў 1673 годзе кароль быў прымушаны зацьвярдзіць тэстацыйныя акты, якіх дамагаўся парлямэнт. Паводле апошніх кожын, хто хацеў у Англіі дастаць урадовае становішча, або афіцэрскую ступень, павінен быў перад гэтым злажыць тэстацыйную прысягу, па якой ён абязваўся прызнаваць вярхоўную ўладу караля ў царкоўных справах і адкідаць каталіцкую навуку аб транссубстанцыяцыі. Гэты закон прымусіў Якуба, як справядлівага каталіка, зрачыся дастаенства вялікага адмірала, якое датуль меў.

Кароль ІІ ня мéў законнага патомства: яго наступнікам быў брат Якуб, каталік. Каб недапусьціць заняцьця англійскага пасаду каталіком, фанатычныя англіканцы і амбітныя дзяржаўныя дзеячы выклікалі ў народзе рух, які, пазываючыся на тэстацыйныя акты, дамагаўся ўхіленьня Якуба ад наступніцтва пасаду. Каб усьцішыць буру, Кароль ІІ падпісаў у 1679 г. прынятыя парлямэнтам і популярныя ў народзе акты "Habeas Corpus". Гэтыя акты павінны былі забясьпечыць волю асобы ад урадовага самавольства. У іх пастанаўлялася, што ніводзін Англіец ня можа быць заарыштаваны, ня ведаючы за што, і ня можа быць трыманы ў вастрозе бяз допыту даўжэй за 24 гадзіны; што павінен ён быць звольнены адразу-ж, як толькі выявіцца яго нявіннасьць, ды што будзе звольнены пад заклад, калі не абві-