Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/122

Гэта старонка была вычытаная

ціся на іх проці англіканаў, ён выдаў індульгенцыйную дэклярацыю, якою скасаваў усé кары, накладаныя на неконформістаў. Англіканскім біскупам было загадана чытаць дэклярацыю ў парахвіях з амбонаў; тым, хто ня слухаўся, пагражалі судом. Як гэтым паступкам ён абурыў народ, сьведчыць тая радасьць, якая запанавала ў краі, калі суд апраўдаў сямёх біскупаў, вінавачаных у праціўленьні каралеўскай волі. Аднак, гэтым разам народ яшчэ ўстрымаўся ад гвалтоўных крокаў. Якуб сам быў ужо стары, сыноў ня меў, а дзьве ягоныя дачкі былі ўзгадаваны ў протэстанцкай веры і замужам за протэстантамі. Але ад другое жонкі-каталічкі радзіўся ў Якуба сын, якога ён пастанавіў неўспадзеўкі гадаваць у каталіцкай веры. Англіі і Шкотляндыі пагражала ўстанаўленьне каталіцкае дынастыі. У гэтакіх абставінах торыі згаварыліся з вігамі, каб скінуць з пасаду Стюартаў. Правадыры абедзьвюх партыяў зьвярнуліся да князя Вільгэльма ІІІ Оранскага, жанатага з старэйшай дачкой Якуба, Марыяй, а па матцы-ўнука Караля І[1].

Вільгэльм быў вельмі популярны, як гарачы і адважны баéц за волю ў змаганьні з заваявальнымі імкненьнямі Людвіка XІV. Ад яго жадалі, каб "выратаваў грамадзянскую і рэлігійную волю" ў Англіі; ён гэтае запрошаньне прыняў і ў 1688 г. высадзіўся на Англійскай зямлі.

Якуб ІІ да самага канца быў перакананы, што торыі, верныя доктрыне аб паходжаньні каралеўскае ўлады ад Бога, ня пойдуць проці яго. Дык-жа вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што ня толькі вігі, але і торыі далучаюцца да Вільгэльма. Пакінуты ўсімі, Якуб ІІ паў духам і ўцёк з Англіі да Людвіка XІV, каб дастаць ад яго помач. А Вільгэльм безадкладна прыехаў у Лёндан, дзе яго віталі, як збаўцу. Уцекі Якуба ІІ збавілі ад вялікага клопату Вільгэльма і торыяў, бо далі ім магчымасьць казаць, што кароль, патаемна пакідаючы край, гэтым самым зрокся пасаду. Паўгоду пазьней Якуб падняў пры помачы французаў паўстаньне ў Ірляндыі, стараючыся здабыць карону для свайго дому; але гэта яму не ўдалося, таксама, як і падобныя-ж спробы наступнікаў яго.

Гаспадарыць пачаў часова Вільгэльм ІІІ. Быў скліканы конвэнцыйны парлямэнт (г. зн. скліканы не каралём, а народам), які абвесьціў каралеўскі пасад незанятым і злажыў урачыстую дэклярацыю правоў англійскага народу, якія былі зламаны Якубам ІІ. Карону парлямэнт запрапанаваў Вільгэльму і Марыі, пазбавіўшы спадчынных правоў усіх каталіцкіх сваякоў караля. А Вільгэльм ІІІ, прыймаючы ў сваім уласным і жончыным іменьні карону, дэкляраваў, што будзе шанаваць устаноўленыя законы і гаспадарыць згодна з па-

  1. § 5 і 7.