Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/124

Гэта старонка была вычытаная

абодвух першых каралёх з гановэрскае дынастыі, Немцах, чужых усяму англійскаму, перавага парлямэнту ў дзяржаве, якая пачалася ад рэвалюцыі 1685 г., выявілася найярчэй. Каралі гэтыя нічога больш не хацелі ад Англіі, як толькі атрымаць чым больш грошы для сябе і сваіх нямецкіх улюбéнцаў, ды мéць падтрыманьне для сваіх справаў у Гановеры, дзе яны былі абсолютнымі ўладарамі. І грошы, і падтрыманьне маглі яны атрымаць толькі пры помачы міністраў, што мелі за сабою большасьць у Ніжняй Палаце, якая штогоду вызначала бюджэт. Дык-жа абодвы першыя Юр'і (І і ІІ) давалі сваім міністрам - вігам поўную волю гаспадарыць паводле жаданьня партыяў. Галоўных міністраў разам пачалі называць габінэтам, бо з імі кароль адбываў нарады аб дзяржаўных справах у сваім габінэце. Юры І, аднак, ня ўмéючы саўсім па англійску, ня мог навет прыймаць учасьця ў супольных нарадах міністраў, і з гэтае прычыны злажылася паняцьце габінэту, як установы, зложанае па думцы большасьці Палаты Грамадаў, самастойна гаспадараўшае паводле жаданьняў яé да таго часу, пакуль гэтая большасьць падтрымлівае габінэт. Складаўся габінэт з галоўных міністраў, якія адначасна былі правадырамі партый у парлямэнце. Замала было, аднак, у іх солідарнасьці і, наагул, адзінасьці ў дзейнасьці, якая цяпер праводзіцца галавою міністраў, або "першым міністрам"; апошняга назначае кароль, а ён ужо сам дабірае сабе таварышоў паводле свае думкі і парлямэнцкіх адносінаў. Гэткім першым галавою парлямэнтарнага габінэту, або "прэмьерам", пры якім міністры працавалі толькі, як ягоныя памоцнікі, згодна з яго наказамі, быў сэр Робэрт Уальполь. Высунуты на гэтае становішча, як чалавек, маючы агульнае давер'е, Уальполь быў праўдзівым організатарам англійскае парлямэнтарна-габінэтнае сыстэмы гаспадараньня. Стварыў ён самую трывалую з усіх англійскіх парлямэнтарных адміністрацыяў, кіруючы дзяржаваю 21 год (1721-1742). Гаспадарыў ён гэтак самастойна, што сьмерць Юр'я І і пераход пасаду да Юр'я ІІ не зрабілі ніякіх важнейшых зьменаў у адміністрацыі дзяржавы. Прыхільнік ладу і ашчаднасьці, маючы вялікія фінансавыя здольнасьці, ён упарадкаваў скарб і запэўніў поўную раўнавагу выдаткаў і даходаў, умела папераджаў экономічныя крызісы і разумна падтрымліваў гандаль і прамысловасьць. Вораг усякіх рызыкоўных экспэрымэнтаў і шырэйшых рэформаў, ён лічыў, што для Англіі даволі мéць мір, сталасьць адносінаў і бясьпечнасьць, каб яна ўзбагачалася гандлем і прамысловасьцяй. Вораг вайны, Уальполь рупіўся толькі аб тое, каб Англія заўсёды была судзьдзёю і пасрэднікам у звадках і, наагул, у справах паміж іншымі дзяржавамі.