Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/125

Гэта старонка была вычытаная

Добрым кіраўніком дзяржавы быў таксама Вільгэльм Піт (старэйшы, 1757-1761). Быў гэта першы англійскі дзяржаўны дзеяч, які больш зварачаў увагі на грамадзкую думку за межамі парлямэнту, чым на самы парлямэнт; рабіў ён гэта дзеля карысьці і велічы Англіі, стараючыся разьвіваць і ўзгадоўваць патрыятычнае пачуцьцё ў Англійцаў. Піт, гэтак сама, як і іншыя англійскія дзяржаўныя дзеячы восемнадцатага вéку, вельмі клапаціўся аб узмацаваньні і ўсталеньні марское і колёніяльна-гандлёвае магутнасьці Анґліі. А ўпоперак дарогі ў гэтым імкненьні Англіі заўсёды станавілася Францыя, конкурэнтка шмат больш небясьпечная, чым Голяндыя, бо ставіла сабе такія самыя задачы, як Англія, і конкуравала з ёю на адных і тых самых колёніяльных прасторах. Гэтая конкурэнцыя ўвесь час выклікала барацьбу іх інтарэсаў і будзіла ў Англіі шчырае жаданьне аслабіць, а калі-б можна было, дык і саўсім здушыць грозную супраціўніцу. З гэтае прычыны у чысьленых войнах Англія ішла рука ў руку з супраціўнікамі Францыі, сама змагалася з ёю на моры, а сваім саюзьнікам памагала грашыма, часамі-ж і сама ваявала на сухаземлі, як гэта было ў часы Марльбору[1].

12. Колёніяльная магутнасьць Англіі. Хутка пасьля таго, як у Ўсходняй Індыі зьявіліся Португальцы (у канцы першае чверці ХVІ в.), патомак Tімура, Бабэр, ізноў заваяваў усю паўночную Індыю і залажыў тут г. зв. Дзяржаву Вялікага Могола, якая з часам зрабілася вельмі слаўнаю і магутнаю, але ад пачатку XVІІІ вéку пачала хутка ўпадаць. Шмат цярпела яна ад нападаў Пэрсаў і развалівалася на часткі, валадары якіх, найчасьцей называныя набабамі, формальна як-быццам падлягалі В. Моголу, фактычна-ж былі саўсім незалежнымі і ўвесь час ваявалі паміж сабою ды з самім Вялікім Моголам. Пачалося, адным словам, бязладзьдзе, якое дало магчымасьць эўрапэйскім народам, вëўшым тут гандаль пры помачы сваіх усходня-індыйскіх компаніяў, пашыраць свае ўладаньні. Француская компанія ад часоў Кольбэра мела тут некалькі ўмацаваных пунктаў на ўзьбярэжжы (Пондішэры), так сама, як яшчэ крыху раней за яе здабыла такія пункты англійская компанія (Мадрас, Бомбэй, Калькута). Абедзьве компаніі плацілі чынш мясцовым валадаром або В. Моголу і, увесь час конкуруючы між сабою ды з голяндзкаю компаніяй, дагэтуль саўсім ня думалі аб заваяваньнях і панаваньні ў Індыі. Але ў кожную вайну паміж Францыяй і Англіяй гэтым колёніям пагражала небясьпека нападу заняцьця варожым флётам, бо кожын з су-

  1. § 10, 16.