Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/126

Гэта старонка была вычытаная

праціўнікаў стараўся руйнаваць гандаль другога. З гэтае прычыны Дюплеі, які ад 1747 г. быў губэрнатарам францускіх валаданьняў у Індыі, пастанавіў раз назаўсёды зьніштожыць там англійскі ўплыў і ўжо дабіўся для Францыі перавагі ў часе вайны аб аўстрыяцкую спадчыну[1]. У гэтым яму дапамаглі дзьве думкі: 1) што організаваныя, узброеныя і па эўрапейску вымуштраваныя тубыльцы, навет у невялікай лічбе, здолеюць перамагаць вялізарныя, але прымітыўныя мясцовыя арміі, і 2) што самі мясцовыя ўладары дадуць грошы на ўтрыманьне такога войска, сіпаяў, у аддзяку за дадзеную ім помач. Францускі ўрад, аднак, ня ўмеў выкарыстаць разумных плянаў Дюплеі і навет узяў яго назад у Францыю (1754) тады, калі ён ужо дабіўся рэзультатаў. За тое Англійцы адразу-ж перанялі і выкарысталі сыстэму Дюплеі.

Як на ўсходзе, гэтак і ў Паўночнай Амэрыцы ў палове XVІІІ в. перавага Французаў, ці Англійцаў яшчэ не ўстанавілася. Англійскіх колёніяў уздоўж Атлянтыцкага Акеану было і больш, і былі яны гусьцей заселеныя, ды мелі шырокія правы самаўрадаваньня. Лічба жыхараў у іх увесь час узрастала, толькі былі яны сьціснуты на самым узьбярэжжы. Францускія валаданьні, наадварот, былі шмат менш людныя, але займалі вялізарныя прасторы, якія толькі формальна належалі да Францыі, але ня былі яшчэ засéленыя. Ад Канады аж да Місісіпі абыймалі яны англійскія колëніі, не даючы апошнім магчымасьці пашырацца ў глыб краю. З гэтае прычыны ў даліне р. Огіо увесь час ішла барацьба навет у часе міру. У канцы ж узгарэлася вайна беспасярэдна паміж Францыяй і Англіяй (1755); пры гэтым стварыліся два саюзы: Англія з Прусамі - з аднаго боку, а Францыя з Аўстрыяй - з другога[2].

Каб распарушыць і трывожыць францускія сілы на сухаземлі, Піт плаціў шмат грошы Прусам ды адначасна утрымліваў англійскае і гановэрскае войска пад камандаю назначанага прускім каралём (Фрыдрыкам ІІ) за ваяводу кн. Браўшвэйгскага. Галоўную ж увагу Англіі Піт скіраваў на мора і колёніі; ён загадаў англійскім флётам бязупынна нападаць на францускія ўзьбярэжжы і порты, зьніштажаць там запасы і ўсé матар'ялы, патрэбныя для караблёў. У марскіх бітвах Францыя мела такія няўдачы і страты, што ў канцы ўрад прадаў астачу папсаваных караблёў, і ўся марская вайна далей вялася Францыяй толькі пры помачы прыватных корсарскіх караблёў.

У паўночнай Амэрыцы Англійцы выперлі французаў з даліны Огіо і ў канцы пайшлі на Канаду. Пасьля перамогі

  1. § 16.
  2. § 16.