Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/127

Гэта старонка была вычытаная

пад Квэбэкам (1759) яны ў працягу году занялі ўвесь гэты край. Францускае панаваньне скончылася тут назаўсёды, хаця і асталося францускае насяленьне, якому была забясьпечана апéка і пашана яго звычаяў.

Вялікія страты мелі Французы і ў Усходняй Індыі, хаця тут вайну вяла галоўным чынам усходня-індыйская компанія. Адзін з яé ўрадоўцаў, Робэрт Кляйв, угрунтаваў будучае панаваньне Англіі ў Індыі. Высланы, каб адамсьціць Бэнгальскаму набабу за напад і зрабаваньне Калькуты і за жорсткасьць яго ў адносіных да Англійцаў, Кляйв з невялікай дружынай сіпаяў разьбіў набаба і на яго месца пасадзіў новага, які згадзіўся аддаць у рукі компаніі ўсю бэнгальскую фінансавую адміністрацыю. Наагул, мяшаючыся ў справы індыйскіх валадароў і перамагаючы няпрыхільных да Англіі, Англійцы яшчэ больш умацавалі сваё панаваньне. Адабраўшы ў францускае компаніі Пондішэры і іншыя валаданьні, яны саўсім выперлі Французаў з Індыі.

Пусьціліся Англійцы ўсьлед за Голяндцамі і на паўдня Ціхога Акеану і здабылі і там колëніі. Разам з Голяндцамі, яны адкрылі шмат новых зямель (Акеанія і Аўстралія). Рух англійскага марскога гандлю ў 1650 годзе быў яшчэ ў 5 разоў меншы за голяндзкі, а ў 1750 годзе ўжо значна яго перавышаў. У гэтай справе ў васемнадцатым вéку Англія заняла тое становішча, якое ў семнадцатым займала Голяндыя. Англійскія мéсты працьвіталі дзякуючы гандлю і прамысловасьці. Гэтаму вялізарнаму разьвіцьцю прамысловасьці ў другой палове восемнадцатага веку шмат дапамаглі: вынаход Уатам (Watt) паравое машыны, паляпшэньне тэхнікі ткацтва, ды разьвіцьцё эксплёатацыі каменнага вугальля. Нязьлічонае багацьце каменнага вугальля ў Англіі зрабілася фундамэнтам развіцьця прамысловасьці Вялікае Брытаніі і яé нацыянальнага дабрабыту.

Сéльская гаспадарка, якая ў часы рэспублікі вызвалілася ад большае часьці фэодальных чыншаў, і ў якой пры Ўальполю пачалі ўводзіць лепшая спосабы вырабу зямлі, гэтак сама разьвівалася вельмі добра.

§ 14. Прасьвета.

1. Сьпіноза, Байль, Лёк, Ньютон і англійскія вольнадумцы. Вольныя парадкі ў ХVІІ і XVІІІ вякох запанавалі ў двух краëх: Голяндыі і Англіі, і згэтуль новым ветрам павéяла на Эўропу, згэтуль пашырыўся рух, які імкнуўся замяніць дэспотычнае самавольства-свабодай і справядлівасьцяй, барбарства-высока-моральнаю людзкасьцяй, рэлігійны прымус-толеранцыяй і вольнадумствам, дзікія забабоны—